Кіраўнік Адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Дзмітрый Круты ў інтэрв’ю тэлеканалу «Першы інфармацыйны» пракаментаваў працяглы візіт Лукашэнкі ў краіны Усходняй і Паўднёва-Усходняй Азіі. Паводле яго слоў, падчас паездкі плануецца абмеркаваць праекты «на дзясяткі мільёнаў долараў», якія Круты назваў тэмамі «прэзідэнцкага ўзроўню».
«Што да працяглай камандзіроўкі прэзідэнта. Сапраўды, гэтыя візіты рыхтаваліся шмат месяцаў, некаторыя — з канца мінулага года. Таму нашым лідарам ужо даўно было прынята рашэнне наведаць шэраг краін Паўднёва-Усходняй Азіі, з якімі ў нас намеціліся вельмі добрыя праекты, насамрэч на дзясяткі мільёнаў долараў. І гэта праекты прэзідэнцкага ўзроўню і тэмы прэзідэнцкага ўзроўню», — заявіў ён.
«Таму не трэба раздзімаць сенсацыю там, дзе яе няма. Ідзе абсалютна звычайная, планамерная, вельмі скрупулёзная праца. Ужо некалькі дзён наш прэзідэнт вывучае адпаведныя матэрыялы, уносіць карэктывы, і ідзе інтэнсіўная напружаная праца, каб падрыхтаваць гэтыя візіты найлепшым чынам», — дадаў кіраўнік адміністрацыі.
Нагадаем, сёння Аляксандр Лукашэнка накіраваўся з візітам у рэгіён Усходняй і Паўднёва-Усходняй Азіі. Падчас паездкі запланаваныя перамовы на найвышэйшым узроўні з кіраўніцтвам шэрагу дзяржаў рэгіёна і абмеркаванне «маштабных і перспектыўных» праектаў у розных сферах. У камандзіровачным графіку — тры краіны.