Колькасць загінулых пры ўдары па гандлёвым цэнтры ў Крывым Рогу вырасла да 16

Галоўнае

У Крывым Рогу працягваюцца аварыйна-выратавальныя работы на месцы ўдару расійскіх войскаў па гандлёвым цэнтры. Як паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, на сёння вядома пра 16 загінулых і 130 пацярпелых, сярод якіх 23 дзіцяці.

Паводле яго слоў, пажар на плошчы каля 9 тысяч квадратных метраў ужо ліквідаваны. Ратавальнікі расчышчаюць завалы і працягваюць пошукі людзей. У работах удзельнічаюць падраздзяленні ДСНС з сямі абласцей Украіны і кінолагі.

Нагадаем, расійская атака на Крывы Рог 21 жніўня праходзіла ў дзве хвалі. Пасля першага ўдару па гандлёвым цэнтры быў нанесены паўторны ўдар па ратавальніках, якія працавалі на месцы здарэння.

Зяленскі таксама паведаміў пра начныя ракетныя і дронавыя атакі на шэраг рэгіёнаў Украіны. У Кіеве балістычнымі ўдарамі была пашкоджана чыгуначная інфраструктура. Адзін чалавек загінуў, яшчэ адзін атрымаў раненні.

У Запарожжы расійскі FPV-дрон атакаваў гарадскі маршрутны аўтобус. Тры чалавекі атрымалі раненні.

Удары таксама закранулі Адэскую, Днепрапятроўскую, Харкаўскую, Данецкую, Сумскую, Херсонскую, Чарнігаўскую і Мікалаеўскую вобласці. Пашкоджаны жылыя дамы, аб’екты энергетычнай і чыгуначнай інфраструктуры, а таксама грамадзянскія прадпрыемствы.

“Кожны дзень недахопу супрацьпаветранай абароны ва Украіне – гэта ахвяры, якіх магло б не быць. Абарона жыцця патрабуе штодзённых рашэнняў і дзейснай падтрымкі з боку свету, і цяпер менавіта новыя пастаўкі перахопнікаў балістычных ракет і іншых ракет могуць дапамагчы. Дзякуй усім, хто дапамагае нашым людзям і падтрымлівае Украіну рэальнымі крокамі”, – заявіў украінскі лідар.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.