The Wall Street Journal апублікавала артыкул пра новы этап адносін паміж ЗША і Беларуссю, у якім ключавую ролю адыгрывае адвакат, а цяпер і спецпасланнік прэзідэнта ЗША па Беларусі Джон Коўл. Выданне прыводзіць цікавыя падрабязнасці перамоў Аляксандра Лукашэнкі і Джона Коўла, якія, відавочна, аўтары артыкула атрымалі ад непасрэдных удзельнікаў.
Так, сцвярджаецца, што амерыканскія чыноўнікі разглядаюць магчымасць арганізаваць пастаўку лекавага прэпарата Zepbound для асабістага выкарыстання Лукашэнкам.
Тэма пахудзення ўсплыла падчас размовы Коўла з Лукашэнкам. Лукашэнка заўважыў, што яго госць схуднеў з моманту іх апошняй сустрэчы ў красавіку. Коўл пажартаваў, што ён сядзіць «на тлушчаспальвальніку» — Zepbound. Гэта быў не першы раз, калі размова заходзіла пра прэпарат; Лукашэнка цікавіўся сродкамі для пахудзення яшчэ падчас красавіцкага візіту, а адзін з яго набліжаных пераконваў яго заняцца сваёй вагой, распавёў WSJ чалавек, знаёмы з сітуацыяй.
Аўтары артыкула сцвярджаюць, што да таго моманту, як Джону Коўлу паступіла прапанова ад Дзярждэпартамента паехаць у Беларусь і забраць палітвязня, той не ўяўляў, дзе гэтая краіна знаходзіцца. «Мая першая думка была: дзе, чорт вазьмі, гэта?» — сказаў Коўл.
Пазней Коўл за вячэрай у Белым доме распавёў Дональду Трампу пра свае прыгоды ў Беларусі і даверлівыя адносіны з Лукашэнкам.
«Трамп распытваў яго пра абмены зняволенымі і магчымасці дыпламатыі з Расіяй. Прэзідэнт павінен быў сустрэцца з Пуціным на Алясцы праз некалькі дзён і, здаецца, быў здзіўлены, што адзін з яго спецпасланнікаў выбудаваў настолькі цёплыя адносіны з лідарам Беларусі», — пішуць аўтары артыкула.
«Вазьмі ў яго нумар. Я хачу патэлефанаваць гэтаму хлопцу», — успамінае Коўл словы прэзідэнта ЗША. Аднак запланаваная размова сарвалася: у Белым доме ў апошні момант выявілі, што не падрыхтавалі перакладчыка, сцвярджае WSJ.
Менш чым праз 48 гадзін Коўл слухаў з Сітуацыйнага пакоя, як Трамп тэлефануе Лукашэнку з борта Air Force One па дарозе на саміт на Алясцы.
«Лідары размаўлялі 10 хвілін, абмяняўшыся ветлівасцямі і пахваліўшы сілу адзін аднаго. Трамп прапанаваў асабістую сустрэчу і сказаў, што Беларусь павінна разгледзець магчымасць новага, больш маштабнага вызвалення зняволеных», — перадаюць сутнасць размовы аўтары артыкула.
Дарэчы, нядаўна ў інтэрв’ю China Media Group Лукашэнка заявіў, што размова з Трампам расцягнулася на 35 хвілін.
Нягледзячы на адсутнасць бачных вынікаў на перамовах Пуціна і Трампа на Алясцы, адносіны паміж Лукашэнкам і адміністрацыяй ЗША развіваліся. Дзярждэпартамент накіраваў у Беларусь супрацоўнікаў сярэдняга звяна. Еўрапейскія саюзнікі звярталіся да ЗША па інфармацыю пра ўсходняга суседа і прасілі дапамагчы з вызваленнем зняволеных, за якіх яны хадайнічалі. Перыяд паўдэкады ізаляцыі для Лукашэнкі фактычна завяршаўся, сцвярджаюць аўтары WSJ.
У артыкуле гаворыцца, што кантактнай асобай з беларускага боку выступае пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў. Усё пачалося адразу пасля другой інаўгурацыі Трампа. Беларускі МЗС звязаўся з Дзярждэпартаментам па канале, які звычайна выкарыстоўваецца для ваеннай дэканфліктацыі, каб заявіць, што краіна спадзяецца на пацяпленне адносін. Амерыканскі супрацоўнік на тым канцы лініі сказаў, што спачатку крок павінна зрабіць Беларусь.
Якраз у гэты час Расія і Беларусь рыхтаваліся вызваліць зняволеных, каб наладзіць адносіны з тымі чыноўнікамі вакол Трампа, якіх Масква і Мінск лічылі найбольш успрымальнымі да іх пазіцыі. 11 лютага Пуцін вызваліў амерыканскага настаўніка гісторыі, арыштаванага за захоўванне марыхуаны, — гэта адбылося падчас сустрэчы з Уіткафам.
На наступны дзень Беларусь вызваліла амерыканца, якога Дзярждэпартамент прызнаў «несправядліва затрыманым». Пасля новых перамоў з дыпламатамі ЗША Мінск вызваліў яшчэ траіх, уключаючы грамадзяніна ЗША і журналіста Радыё Свабода/Радыё Свабодная Еўропа.
У артыкуле таксама пераказваецца логіка амерыканскага боку — яго галоўная матывацыя для збліжэння з рэжымам у Мінску.
«У нейкі момант Пуцін апынецца ў сітуацыі, калі яму давядзецца прыняць вельмі складанае рашэнне, — сказаў амерыканскі чыноўнік, каментуючы WSJ логіку ўрада ЗША. — І важна, каб той, каму ён больш за ўсё давярае… гаварыў пра здзелку ў станоўчым ключы».
З міжнароднага выгнанца Лукашэнка ператварыўся ў дарадцу ЗША па пытаннях узаемадзеяння з Пуціным і Мадурам, робяць выснову аўтары артыкула.