Хактывісцкая групоўка «Кіберпартызаны» заявіла пра ўзлом камп’ютарнай сеткі прадпрыемства «Хімвалакно» — філіял ААТ «Гродна Азот».
«Прадпрыемства Хімвалакно было выбрана ў якасці мэты для атакі па рэжыме Лукашэнкі, паколькі завод рэгулярна абыходзіць санкцыі Еўрасаюза і пастаўляе тэхнічную поліамідную нітку ў РФ. Там гэты матэрыял выкарыстоўваецца для вытворчасці тканін ваеннага прызначэння (бронекамізэлек, бронешлемаў)», — тлумачаць «Кіберпартызаны».
Хактывісты заяўляюць, што аперацыя заняла каля сутак. У выніку быў атрыманы поўны кантроль узроўню адміністратара дамена.
«У ноч з 25 на 26 лютага мы праніклі ў самы абаронены сегмент ІТ-інфраструктуры — ЦОД. Усе 8 сервераў знішчаны, уключаючы дзесяць найважнейшых віртуальных машын на іх.
Мы вывелі са строю дамен-кантролеры, серверы, віртуальныя машыны і рабочыя станцыі. А некаторыя прылады цяпер зараджаны “кібербомбачкамі”. У агульнай складанасці быў доступ прыкладна да 1000 машын, а таксама часткі сервераў, якія ўдзельнічаюць у тэхнічных працэсах», — паведамляюць «Кіберпартызаны».
У выніку атакі парушаны офісная работа, бухгалтэрыя, маркетынг і продаж, адгрузка, тэхнічныя і адміністрацыйныя працэсы, паражаны сістэмы і базы ERP, карпаратыўная пошта, дакументаабарот Directum, сістэмы рэзервовага капіравання, узламаныя сістэмы аховы і відэаназірання.
Частка даных страчана беззваротна, а на аднаўленне сістэм спатрэбяцца тыдні, заяўляюць «Кіберпартызаны».





