Казахстанская нафта не будзе паступаць у Германію па нафтаправодзе «Дружба» і ў жніўні. Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве энергетыкі краіны.
«У цяперашні час пастаўкі казахстанскай нафты па маршруце Атырау — Самара — нафтаправод «Дружба» ў напрамку Германіі часова не ажыццяўляюцца ў сувязі з тэхнічнымі абмежаваннямі інфраструктурнага характару на баку транзіту. У гэтай сувязі экспарт казахстанскай нафты ў Германію ў ліпені і жніўні 2026 года не плануецца», — цытуе адказ міністэрства «Інтэрфакс-Казахстан».
Нагадаем, транзіт казахстанскай нафты ў Германію быў спынены Расіяй у маі гэтага года. У РФ патлумачылі гэта тэхнічнымі магчымасцямі.
Сёлета Казахстан збіраўся паставіць у Германію 3 млн т нафты па «Дружбе», але паспеў адгрузіць толькі 1,02 млн т. На транзіце таксама зарабляў беларускі аператар «Дружбы».
Трэба адзначыць, што завод у нямецкім Шведце, які атрымліваў нафту з Казахстана, ужо пачалі забяспечваць праз Польшчу. Сыравіна паступае ў Гданьск, а адтуль па сетцы нафтаправодаў, уключаючы польскі ўчастак «Дружбы», — у Шведт.