На Летнім міжнародным кінафестывалі «Pod wspólnym niebem» («Пад агульным небам») у Варшаве паказалі дзве беларускія стужкі – мастацкі фільм «Лебядзіная песня Фёдара Озерава» рэжысёра Юрыя Сямашкі, адзначаную на Берлінале і іншых міжнародных фестывалях, і новую дакументальную працу «Белсату» — «Казка» рэжысёра Якуба Станкевіча.
Януш Гаўрылюк, заснавальнік фестывалю беларускіх фільмаў у Польшчы «Бульбамуві», падзяліўся сваім бачаннем сучаснага стану беларускага кіно. Ён згадаў, як 15 гадоў таму ў Варшаве пачалі паказваць беларускае кіно на фестывалі «Bulbamovie» (а з 2012 да 2016-га ў межах фестывалю ладзіўся конкурс незалежнага беларускага кіно). Мінула шмат часу, а беларускіх фільмаў больш не становіцца, а наадварот – становіцца менш. На жаль, з-за грамадска-палітычнай сітуацыі беларускае кіно не развіваецца.

Рэжысёр згадаў, што з 2014-га да 2020-га ў Беларусі быў шанец на развіццё беларускага кіно, бо была пляцоўка на фестывалі «Лістапад», праводзіўся Міністэрствам культуры Беларусі адкрыты конкурс сцэнарыяў. Расла цікавасць да беларускіх фільмаў, і на аснове сучаснай беларускай прозы магло з’явіцца шмат добрых фільмаў, але падзеі 2020-га перапынілі гэта развіццё. «Калі б тая адліга доўжылася далей, то мог бы атрымацца добры вынік, – упэўнены Гаўрылюк. – А цяпер у Беларусі добрых фільмаў не з’яўляецца».
Пасля 2020 года была хваля «паслярэвалюцыйных» фільмаў, бо падзеі 2020 года закранулі большасць творцаў, у адрозненне ад сітуацыі пасля выбараў 2010, дзе такіх фільмаў былі адзінкі.

Цяпер гэта хваля спала, бо «колькі можна працягваць тэму няўдалай рэвалюцыі?», – канстатуе Януш Гаўрылюк. Пачалі з’яўляцца новыя фільмы, але мала хто хоча іх фінансаваць. Тым не менш у Польшчы можна рабіць беларускае кіно, упэўнены кінарэжысёр, і два фільмы для паказу на Летнім кінафестывалі былі выбраны невыпадкова.
«Лебядзіная песня Фёдара Озерава» рэжысёра Юрыя Сямашкі была знята выключна ў Варшаве, і тым не менш гэта «на сто адсоткаў беларускі фільм».
Фільм Якуба Станкевіча быў зняты на Падляшшы. «Рэалізаваны ў Польшчы, ён з’яўляецца аж занадта беларускім. Напрыклад, яго не ўзялі на Кракаўскі фестываль, таму што ён занадта герметычна беларускі», – расказаў Гаўрылюк.
Дырэктар «Бульбамуві» адмыслова склаў спіс беларускіх праектаў, якія цяпер рыхтуюцца ў Польшчы і іншых еўрапейскіх краінах.
Аўтар серыялу «Працэсы» на «Белсаце» Андрэй Кашперскі атрымаў датацыю на прадукцыю мастацкага фільма. Андрэй Куціла заканчвае дакументальны фільм. Аляксей Палуян, які жыве ў Германіі, здымае фільм па падзеях 2020-га. Мара Тамковіч пачала працаваць над мастацкім фільмам пра беларускую эмігрантку. Маладая рэжысёрка Саша Куцень, якая атрымала «Залатога Лайконіка» на Кракаўскім кінафестывалі, цяпер стварае польскае кіно, але, магчыма, некалі створыць і беларускае. Якуб Станкевіч працуе над чарговым дакументальным фільмам пад назвай «Беларуская Фудзіяма» пра сям’ю, якая стварыла ферму ў гарах пад Кракавам і размаўляе па-беларуску. Таксама ў Польшчы рыхтуецца дакументальны фільм пра фанаў Макса Каржа, якія зладзілі «двіж» на польскім Нацыянальныя стадыёне. Напрыканцы паказу на сустрэчы з гледачамі аўтар «Лебядзінай песні Фёдара Озерава» Юрый Сямашка расказаў, што працуе над сцэнаром да новага фільма Pointless People («Бессэнсоўныя людзі») пра прыгоды трох беларусаў у летняй Варшаве. Засталося толькі знайсці фінансаванне і зняць фільм.
Дэбютная ігравая стужка Юрыя Сямашкі «Лебядзіная песня Фёдара Озерава» паўстала ў выніку праекта Інкубатар мікрабюджэтнага кіно, зладжанай Беларускай сеткай фільммейкераў. Карціну беларускага рэжысёра падтрымалі літоўскі і нямецкі прадзюсары і кампаніі. Галоўны герой – малады музыкант, ігнаруючы навіны пра пачатак Трэцяй сусветнай вайны, збірае гурт і спрабуе напісаць сваю найлепшую песню, але для гэтага яму патрэбны магічны швэдар. Сюжэт фільма развіваецца як жыццёвая і творчая драма, але імкліва набывае сюррэалістычную афарбоўку, бо герою жыццёва неабходна паўтарыць сюжэт пра Арфея і Эўрыдыку.

«Казка» Якуба Станкевіча расказвае пра 90-гадовага падляшскага мастака Віктара, які страціўшы хату ў роднай вёсцы, жыве ў маленькім дамку ў пушчы.

Яго свет вельмі герметычны, бо гэта жыццё беларуса на Падляшшы, і жыццё мастака, якія адасабляецца ад будзённай рэальнасці і рэагуе на ўсе беды ўласнага роду – высяленні, пераследванні, расстрэлы. Гістарычныя раны, як свежыя, так і старыя, прычыняюць Віктару столькі болю, што ён павінен выказаць яго праз вобразы. Толькі тады становіцца лягчэй. Выставы сваіх твораў ён ладзіць сярод лесу, на пясчаным абрыве ці ў ваканіцах разбуранай хаты, прамаўляючы свой бясконцы трагічны верш лясным вятрам.

26 жніўня гледачам пакажуць мастацкі фільм «White Snail» (рэжысёры Elsa Kremser, Levin Peter) — кранальную гісторыю пра двух самотных людзей у сучасным Мінску, якая атрымала ўзнагароды на міжнародных кінафестывалях у Лакарна і Сараеве.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram