Музей Вольнай Беларусі ў Варшаве адзначае чатыры гады з дня свайго заснавання. За гэты час пляцоўка ператварылася ў адзін з галоўных асяродкаў беларускай культуры і захавання найноўшай гісторыі ў эміграцыі, а цяпер прэтэндуе на статус лепшага еўрапейскага музея.
«Мы ўсё яшчэ не дома. Але працягваем захоўваць тое, што не павінна знікнуць», — адзначаюць стваральнікі прасторы.
700 артэфактаў і тысячы лічбавых сведчанняў у эміграцыі
Створаны ў выгнанні 17 ліпеня 2022 года, Музей Вольнай Беларусі за чатыры гады працы сабраў унікальную калекцыю з амаль 700 арыгінальных артэфактаў найноўшай беларускай гісторыі. Яго архіў таксама налічвае тысячы лічбавых сведчанняў, якія захоўваюць памяць пра падзеі апошніх гадоў. Пляцоўка стала сапраўдным месцам сустрэчы для тых, хто змагаецца за захаванне нацыянальнай ідэнтычнасці, рэалізаваўшы разам з партнёрамі дзясяткі выстаў, канцэртаў, тэатральных імпрэз і адукацыйных дыскусій.
Сёння гэты каштоўны досвед атрымаў прызнанне на міжнародным узроўні: музей афіцыйна патрапіў у лонг-ліст прэстыжнай прэміі «Еўрапейскі музей года» і Музейнага прыза Савета Еўропы (EMYA-2027).
Калекцыйныя маркі з нобелеўскімі подпісамі: старт дабрачыннага аўкцыёну
Спецыяльна да свята Пошта Польшчы абмежаваным накладам выпусціла калекцыйныя паштовыя маркі з выявамі знакавых прадметаў з фондаў музея. Сёння, 17 ліпеня, музей запускае дабрачынны аўкцыён на пляцоўцы eBay. На коне — тры камплекты марак з аўтографамі знакавых постацяў:
Лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага;

Лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святланы Алексіевіч;

Вядомага мецэната і нашчадка магнацкага роду Мацея Радзівіла.

Усе сабраныя сродкі будуць накіраваныя на набыццё новых артэфактаў і стварэнне будучых выстаў. Падрабязнасці пра аўкцыён шукайце на сайце freebelarus.museum.
Што чакае наведвальнікаў бліжэйшым часам?
Музей прэзентаваў гарачыя анонсы на жнівень–кастрычнік 2026 года:
- Жнівень (з 5 жніўня, 18:00): Дакументальна-мастацкі праект «2020: Гаворыць Мінск». Гледачоў чакае татальная відэаінсталяцыя і выстава арыгінальных артэфактаў з прыватных калекцый, якая верне атмасферу салідарнасці і надзеі лета 2020 года.
- Жнівень (з 13 жніўня): Вяртанне летняга фестывалю нямога кіно «Нямая ліхаманка» з жывым музычным суправаджэннем у дворыку музея.
- Верасень (18.09–04.10): Музей упершыню стане часткай Warsaw Gallery Weekend (WGW+) — самай прэстыжнай арт-падзеі Польшчы. Тут прадставяць праект беларускага мастака Аляксандра Адамава “hyperMother. Shared Breathing”.
- Кастрычнік (8–9 кастрычніка): Міжнародная канферэнцыя па даследаванні таталітарнай спадчыны ва Усходняй Еўропе, дзе еўрапейскія і беларускія эксперты абмяркуюць практыкі захавання гістарычнай памяці.
Трапіць на аўкцыён, які, нагадаем, адбудзецца 17 ліпеня, можна па спасылцы.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram