Іран збіраецца купіць у Кітаі супрацькарабельныя крылатыя ракеты. Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на крыніцы.
Паводле іх інфармацыі, здзелка аб пастаўцы ракет CM-302 блізкая да завяршэння, хоць дата пастаўкі яшчэ не ўзгоднена. Дадзеныя ракеты маюць далёкасць каля 290 км і могуць развіваць звышгукавую хуткасць. Яны таксама здольныя ляцець на нізкай вышыні. Ракеты аснашчаюцца баявой часткай масай 250 кг. Акрамя Кітая аператарамі дадзеных ракет з’яўляюцца Алжыр і Пакістан. З’яўленне такіх ракет у Ірана створыць пагрозу для амерыканскіх караблёў.
Перамовы аб куплі ракет паскорыліся пасля налётаў на Іран, здзейсненых у мінулым годзе Ізраілем і ЗША. Агенцтва не змагло высветліць параметры магчымай здзелкі.
Нагадаем, ЗША разгарнулі на Блізкім Усходзе найбуйнейшую авіягрупоўку з часоў уварвання ў Ірак. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп спрабуе прымусіць Тэгеран пайсці на здзелку па ядзернай праграме, пагражаючы ў выпадку адмовы нанесці па Іране новыя ўдары.
