Інфляцыйныя чаканні ў эканоміцы не змяняюцца. Пра гэта гаворыцца ў новай публікацыі Нацыянальнага банка.
У снежні адчувальная рэспандэнтамі інфляцыя за апошнія 12 месяцаў склала 11,3%, чаканая інфляцыя ў наступныя 12 месяцаў — 11,2%. Для параўнання, у верасні гэтыя паказчыкі складалі адпаведна 11,2% і 10,7%.
Ацэньваючы дынаміку інфляцыі ў чацвёртым квартале, аналітыкі Нацбанка адзначаюць, што яе запаволенню спрыялі добры ўраджай, сабраны ў Беларусі, а таксама спрыяльная кан’юнктура імпартных паставак пладоваагародніннай прадукцыі.
Нагадаем, інфляцыя ў мінулым годзе склала 6,8%.
«Зніжэнне інфляцыі ў Расійскай Федэрацыі і патанненне асобных прадуктаў харчавання на сусветных рынках абмяжоўвалі ўздзеянне імпартаванай інфляцыі на цэны ў Рэспубліцы Беларусь. Побач з менш актыўным спажывецкім попытам на ўнутраным рынку гэта спрыяла запаволенню базавай інфляцыі», — гаворыцца ў публікацыі.
Базавая інфляцыя ў снежні склала 7,3%. Трэндавая інфляцыя (ачышчаная ад кароткатэрміновых цэнавых шокаў) — 6,3%. Адміністрацыйна рэгуляваныя цэны і тарыфы выраслі на 6,4%.
Нацбанк таксама адзначыў, што прырост ВУП у чацвёртым квартале склаў 0,3% супраць 0,8% у трэцім квартале. На дынаміку паўплывала аслабленне ўнутранага попыту, абумоўленае запаволеннем тэмпаў інвестыцый, а таксама росту рэальных заробкаў і спажывецкага крэдытавання.

