Іна Кулей распавяла пра стан свайго мужа, палітыка Аляксандра Мілінкевіча, які ў лістападзе трапіў у рэанімацыю пасля аперацыі. Паводле яе слоў, крытычны этап мінуў, аднак наперадзе доўгі шлях да поўнага выздараўлення.
«Сёння роўна месяц прайшоў з моманту жахлівых, нечаканых наступстваў планавай аперацыі. Увесь гэты месяц мы правялі на эмацыйных арэлях: крок наперад — крок назад. Ад “рыхтуйцеся да горшага” да “рыхтуемся да рэабілітацыі”. З Божай дапамогай Аляксандр перамог смерць і пнеўманію, якая звычайны спадарожнік такіх хворых, і цяпер сапраўды знаходзіцца на добрым шляху. Шлях да поўнага выздараўлення няблізкі, але я веру. Веру безумоўна і бясконца. І ведаю, што свята яшчэ наперадзе. Дарагія ўсе, хто чакае і верыць — свята яшчэ наперадзе. І здароўе, і вяртанне дадому, і Беларусь», — напісала яна ў Facebook.
Аляксандр Мілінкевіч быў адзіным кандыдатам ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах 2006 года. У 2023 годзе стаў пазаштатным дарадцам Святланы Ціханоўскай.