Урад Беларусі змяніў правілы арганізацыі нацыянальных выстаў. Адпаведную пастанову Савета Міністраў «Аб кангрэснай і выставачнай дзейнасці» падпісаў Аляксандр Турчын.
«Дакумент распрацаваны з мэтай комплекснага прававога рэгулявання выставачнай і кангрэснай дзейнасці як на тэрыторыі Беларусі, так і ў замежных дзяржавах», — паведамляе прэс-служба ўрада.
Пастанова пашырае пералік выстаў і экспазіцый, якія адносяцца да нацыянальных. Цяпер гэта не толькі выставы з удзелам або прымеркаваныя да візіту Аляксандра Лукашэнкі, прэм’ер-міністра і яго намеснікаў, але і выставы з удзелам іншых замацаваных службовых асоб, а таксама кіраўнікоў дзяржаўных органаў і арганізацый, падпарадкаваных ураду.
Дакумент вызначае паняційны апарат у сферы кангрэснай і выставачнай дзейнасці. За Беларускай гандлёва-прамысловай палатай (БелГПП) замацаваны статус каардынатара гэтай дзейнасці, вызначаны яе функцыі.
Устанаўліваецца парадак падрыхтоўкі і зацвярджэння ўрадам календара ключавых мерапрыемстваў і ацэнкі іх вынікаў, а таксама парадак фарміравання і вядзення БелГПП календара іншых мерапрыемстваў у гэтай сферы.