Гродзенскага блогера, якога затрымлівалі з-за збору для Вані Стэцэнкі, заключылі пад варту за паклёп

Навіны
Евгения Тарасенко и Михаил Драгун. Фото: instagram.com/jennie.t

На гродзенскага блогера Міхаіла Драгуна, якога затрымлівалі пасля збору на лячэнне 9-гадовага Вані Стэцэнкі, дадаткова завялі крымінальную справу аб паклёпе паводле арт. 188 КК. Ён заключаны пад варту, паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

Як заявілі ў Следчым камітэце, 17-гадовы Міхаіл Драгун і 37-гадовая Яўгенія Тарасенка арганізавалі збор для дапамогі хлопчыку, але “вырашылі нажыцца за кошт сабраных сродкаў”. Паводле звестак СК, на рахункі Драгуна, яго маці і знаёмых паступіла больш за 1,5 млн рублёў, але частка сродкаў выкарыстоўвалася не па прызначэнні. Са слоў маладога чалавека, ён прысвоіў каля 60 тысяч рублёў, якія, як паведамляецца, ён і яго сяброўка трацілі на асабістыя патрэбы — набыццё адзення, арэнду прэміяльных аўтамабіляў і жылля, паходы ў рэстараны і паездкі за мяжу.

“Нягледзячы на паказанні фігуранта, удалося высветліць, што агульная сума, якой завалодалі жыхары Гродна, значна большая, толькі на стаўках непаўналетні прайграў больш за 100 тысяч рублёў. У цяперашні час следчымі вывучаюцца фінансавыя дакументы і штодня ўстанаўліваюцца новыя факты «лакшэры-жыцця» фігурантаў”, — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Паводле інфармацыі СК, Драгун стаіць на ўліку ў Інспекцыі па справах непаўналетніх у сувязі з кіраваннем аўтамабілем без вадзіцельскага пасведчання.

“За школьныя гады змяніў 5 школ у сувязі з тым, што яны яму «не падабаліся». Пасля атрымання сярэдняй адукацыі малады чалавек не стаў паступаць куды-небудзь, афіцыйнага месца працы таксама не мае. Пры гэтым непаўналетні сцвярджае, што жыве за кошт грошай ад блога і рэкламы ў ім, аднак у якасці індывідуальнага прадпрымальніка не зарэгістраваны. Стаіць на ўліку ва ўрача-псіхіятра”, — заяўляюць у СК.

Адзначаецца, што ён адзіны з фігурантаў, хто не даў згоды на пералічэнне заблакаваных сродкаў на дабрачынныя мэты, заявіўшы, што грошы прызначаліся для прызоў падпісчыкам. Тым не менш асобы, праз якіх ён планаваў выводзіць сродкі, накіравалі грошы на лячэнне, паведамілі ў СК. Сума больш чым у 266 тысяч рублёў была пералічана, і збор для Вані Стэцэнкі закрыты.

У ходзе расследавання выяўлены і яшчэ адзін эпізод. На падставе вывучэння тэлефона непаўналетняга ўзбуджана дадатковая крымінальная справа паводле артыкула 188 КК (паклёп). Следства заяўляе, што ў сваім Instagram-акаўнце, які налічвае каля 190 тысяч падпісчыкаў, ён абвінаваціў 18-гадовую жыхарку Гродна ў крадзяжы 50 тысяч беларускіх рублёў. Сам фігурант віну не прызнае і заявіў следчаму, што сяброўка яго «кінула на грошы».

Расследаванне крымінальнай справы працягваецца. Канчатковая прававая ацэнка дзеянням фігурантаў будзе дадзена па яго выніках.

37-гадовую Яўгенію Тарасенка (@jennie.t) і 17-гадовага Міхаіла Драгуна (@iceedvard) затрымалі 4 лістапада. У МУС заявілі, што блогеры прысвоілі сабе большую частку грошай, якія збіралі на лячэнне цяжкахворага дзіцяці: з сабраных 1,5 млн рублёў каля 200 тысяч перадалі маці дзіцяці, 315 тысяч патрацілі на прызы для падпісчыкаў, а астатнія сродкі — на забавы, адпачынак і кватэру.

Драгун заявіў, што з сабранай сумы пакінуў сабе каля 10 тысяч долараў.

У пачатку снежня паведамлялася, што збор для Вані Стэцэнкі закрыты. Сума была пералічана з арыштаваных сродкаў Драгуна і Тарасенка. Дзіця пакутуе ад міядыстрафіі Дзюшэна. На прэпарат «Элевідыс» для яго збіралі 2,9 млн долараў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.

Апошнія навіны