Генеральная пракуратура абвясціла аб крымінальным пераследзе 39-гадовай ураджэнкі Мінска за яе канал на YouTube. Жанчыне інкрымінуецца “рэабілітацыя нацызму”.
“У ходзе аналізу інтэрнэт-рэсурсаў у Генеральнай пракуратуры ўстанавілі факты такой «аўтарскай» інтэрпрэтацыі гістарычных падзей часоў Вялікай Айчыннай вайны на відэахостынгу YouTube — па выніках вывучэння сабраных звестак узбуджана крымінальная справа аб наўмысных дзеяннях па рэабілітацыі нацызму па ч. 3 арт. 130-1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Згодна з матэрыяламі справы, 39-гадовая ўраджэнка Мінска, умоўная К. і В. — у яе падвойнае прозвішча — знаходзячыся за межамі Беларусі ў групе з іншымі грамадзянамі на сістэмнай аснове вырабляла і размяшчала на агульнадаступным рэсурсе відэаролікі ў форме асветніцкіх лекцый. У іх яна маніпулявала асобнымі фактамі з гісторыі краіны. Пры гэтым, будучы вядучай падкаста, яна пазіцыянавала сябе як кампетэнтную асобу, якая мае веды па названым гістарычным перыядзе”, — заявіў начальнік упраўлення Генпракуратуры Дзмітрый Брылёў.
Пракуроры ўбачылі ў некаторых відэазапісах “выдумкі, у якіх падазраваная гераізавала нацысцкіх злачынцаў і іх памагатых, уключаючы прадстаўнікоў нацыяналістычных калабарацыянісцкіх фарміраванняў («Дапаможная паліцыя», «Беларуская цэнтральная рада» і іншыя), наўмысна праслаўляла іх, а таксама здзейсненыя імі злачынствы супраць мірнага насельніцтва БССР”. Таксама жанчына нібыта ўсхваляла Вільгельма Кубэ.
Справа накіравана для расследавання ў цэнтральны апарат Следчага камітэта.
Назва YouTube-канала ў паведамленні не называецца.
