Генпракуратура накіравала ў суд справу трох службовых асоб, якія займалі пасады кіраўнікоў страхавых кампаній. Іх абвінавачваюць у атрыманні хабараў у асабліва буйным памеры. Аднаму з фігурантаў таксама прад’яўлена абвінавачанне ў завалоданні грашовымі сродкамі махлярскім шляхам у буйным памеры.
Паводле версіі Генпракуратуры, абвінавачаныя на працягу 10 гадоў атрымлівалі хабар ад замежнай медыцынскай арганізацыі.
“Згодна з матэрыяламі справы абвінавачаныя, дзейнічаючы незалежна адзін ад аднаго, на працягу доўгага часу (звыш 10 гадоў) і з адзіным намерам, прымалі ад прадстаўніка замежнай камерцыйнай арганізацыі, якая аказвае сэрвісныя паслугі ў частцы прадастаўлення застрахаваным асобам медыцынскай дапамогі за мяжой, грошы ў якасці хабару. Яны перадаваліся за магчымасць супрацоўніцтва з беларускімі страхоўшчыкамі і пераважнае стаўленне да гэтай замежнай арганізацыі. Сукупная сума даходу, атрыманага абвінавачанымі злачынным шляхам, перавысіла 1,2 млн рублёў”, — гаворыцца ў паведамленні.
Таксама адзін з іх абвінавачваецца ў тым, што, знаходзячыся на пасадзе дарадцы генеральнага дырэктара страхавой кампаніі, шляхам падману і злоўжывання даверам завалодаў чужымі сродкамі на суму каля 29 тыс. рублёў.
Хабарадаўцу вызвалілі ад адказнасці. Ён добраахвотна звярнуўся з паведамленнем аб дачы хабару і актыўна ўдзельнічаў у расследаванні.
Да абвінавачаных ужытыя меры стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту і закладу. На маёмасць абвінавачаных, кошт якой кратна перавысіў даход, атрыманы злачынным шляхам, накладзены арышт.
