Ціханоўскі прапануе разабрацца з грантамі і беларускімі незалежнымі СМІ

Галоўнае
Сергей Тихановский. Фото: t.me/strana_official

Сяргей Ціханоўскі адрэагаваў на публікацыю «Нашай Нівы» пра святкаванне свайго дня нараджэння, расказаў, колькі патраціў на мерапрыемства і адкуль атрымлівае фінансаванне, а таксама прапанаваў разабрацца з беларускімі СМІ і блогерамі. Вялікі пост на гэтую тэму ён апублікаваў у Facebook.

Ціханоўскага закранула згадка «НН» пра тое, што ён адзначыў дзень нараджэння ў Лос-Анджэлесе «з размахам». Ён удакладніў, што патраціў толькі 130 долараў на газіроўку і алкаголь, а астатняе арганізавалі яго сябры.

Ціханоўскі назваў свае крыніцы фінансавання. Паводле яго слоў, нядаўна ён атрымаў ад YouTube амаль 40 тысяч долараў рэкламнага даходу, налічанага ў 2020 годзе. Таксама пасля вызвалення яму дапамагалі прадстаўнікі беларускай дыяспары і бізнесу.

Ціханоўскі прапануе паглядзець на праблему шырэй і ўздымае пытанне пра тэндэнцыйнае асвятленне падзей у беларускіх незалежных СМІ.

«Можна было б пасмяяцца і забыць. Але праблема ў тым, што гэта далёка не першы выпадак, калі так званыя незалежныя беларускія СМІ ў пагоні за клікамі выкарыстоўваюць гучныя і правакацыйныя загалоўкі, якія ствараюць у чытача ўражанне, што не адпавядае сутнасці матэрыялу. А сама інфармацыя часцяком падаецца аднабакова — так, каб падтрымаць ужо зададзены загалоўкам наратыў. І я кажу не толькі пра гэтую канкрэтную публікацыю», — заяўляе Ціханоўскі.

Ён лічыць, што маўчаць у такой сітуацыі не варта, бо гаворка ідзе пра адказнасць перад аўдыторыяй.

Блогер асобна спыніўся на пытанні грантаў і заявіў, што ніколі іх не атрымліваў для свайго канала.

«Я не атрымліваю грантаў на свой канал і ніколі іх не атрымліваў. Пры гэтым праца некаторых людзей на маім канале аплачвалася за кошт грантавага фінансавання, агульны аб’ём якога складаў €10 000 у месяц, гэта значыць €120 000 у год. Сёння некаторыя з іх аддаюць перавагу казаць, што гэта была выключна “зарплата”, замоўчваючы крыніцу гэтага фінансавання і адначасова расказваючы аўдыторыі пра тое, якія гранты нібыта атрымаў я.

Жэня, калі ты публічна сцвярджаеш, што я “адхапіў грант” на свой новы канал з вершамі, — пакажы гэты грант. Назаві арганізацыю, суму і дату. Я гатовы публічна адказаць за свае словы і чакаю таго ж ад людзей, якія робяць публічныя заявы пра мяне», — піша Ціханоўскі.

Ціханоўскі прапануе праінфармаваць заходніх партнёраў і донараў пра публікацыю недакладнай інфармацыі ў беларускіх незалежных СМІ, каб гэтыя даныя ўлічваліся пры прыняцці рашэнняў аб фінансаванні.

«Калі СМІ і блогеры атрымліваюць фінансаванне ад еўрапейскіх і іншых заходніх арганізацый, ці мае права грамадства патрабаваць ад іх захавання хаця б базавых журналісцкіх стандартаў? Ці павінны арганізацыі, якія выдзяляюць гэтыя грошы, ведаць пра выпадкі распаўсюджвання недакладнай інфармацыі, маніпулятыўныя загалоўкі і сістэматычнае скажэнне фактаў?

Я лічу, што павінны.

Менавіта таму я думаю над тым, каб сабраць канкрэтныя прыклады і звярнуцца да нашых заходніх партнёраў з прапановай улічваць якасць і адказнасць атрымальнікаў пры прыняцці рашэнняў аб далейшым фінансаванні», — лічыць Ціханоўскі.

Ён прапануе чытачам дапамагчы яму сабраць інфармацыю і дасылаць спасылкі на канкрэтныя артыкулы.

«Калі такіх прыкладаў акажацца дастаткова, іх можна будзе сістэматызаваць і перадаць тым арганізацыям, якія прымаюць рашэнні аб фінансаванні. Калі будзе неабходнасць — можна будзе абмеркаваць і калектыўны зварот або петыцыю.

Свабода слова не вызваляе ад адказнасці за сказанае. А незалежная журналістыка павінна адрознівацца ад прапаганды перш за ўсё стаўленнем да фактаў», — заяўляе Ціханоўскі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.