Еўрапейскі саюз асудзіў прызнанне «экстрэмісцкімі матэрыяламі» сайтаў і старонак у сацсетках праекта EUvsDisinfo, праграм SALT і Education for Belarusians, а таксама Цэнтральнага агенцтва па кіраванні праектамі Літвы (CPVA).
Рашэнне беларускіх уладаў з’яўляецца чарговым прыкладам сістэматычных намаганняў рэжыму па падаўленні крытычнага мыслення, абмежаванні асноўных свабод і скарачэнні грамадзянскай прасторы, гаворыцца ў заяве афіцыйнага прадстаўніка Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў.
«Гэта неабгрунтаванае рашэнне накіравана на абмежаванне доступу беларусаў да незалежнай інфармацыі і адукацыйных магчымасцяў. EUvsDisinfo займаецца павышэннем дасведчанасці аб дэзінфармацыі і маніпуляванні інфармацыяй, тады як праграмы SALT і Education for Belarusians дазволілі беларускім студэнтам і даследчыкам вучыцца і працягваць сваю працу ў Еўропе. Гэтыя ініцыятывы адлюстроўваюць прыхільнасць ЕС падтрымцы беларускага народа і захаванню кантактаў паміж людзьмі», – гаворыцца ў заяве.
ЕС заклікае беларускія ўлады адмяніць рашэнне аб прызнанні гэтых рэсурсаў «экстрэмісцкімі» і неадкладна спыніць рэпрэсіі супраць беларускага народа.
«ЕС працягне падтрымліваць беларускі народ і адстойваць яго права на непрадузятую інфармацыю, а таксама магчымасці вучыцца, атрымліваць адукацыю і працаваць ва ўмовах акадэмічнай свабоды», — гаворыцца ў заяве.
