Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што Еўрапейскі саюз мае намер падоўжыць індывідуальныя і сектаральныя санкцыі ў дачыненні да Беларусі яшчэ на адзін год. Паводле яго слоў, гэта азначае, што Літва ў бліжэйшыя 12 месяцаў не зменіць сваю санкцыйную палітыку, піша Delfi.
«Калі ў кагосьці ёсць ілюзія, што санкцыі хутка будуць знятыя, то я павінен неадкладна запэўніць такіх людзей, што санкцыйны рэжым супраць Беларусі — як індывідуальныя, так і сектаральныя санкцыі — будзе падоўжаны яшчэ на дванаццаць месяцаў, гэта павінна адбыцца на наступным тыдні», — заявіў кіраўнік дзяржавы журналістам у чацвер.
«Аднагалоснае пагадненне па гэтым пытанні было дасягнута на ўзроўні паслоў крыху раней, таму ў санкцыйнай палітыцы ў дачыненні да Беларусі нічога не зменіцца на працягу наступных дванаццаці месяцаў», — дадаў ён.
Паводле яго слоў, прыкметаў змены паводзінаў беларускіх уладаў у апошні час не назіраецца. Наўседа заявіў, што Беларусь стала саўдзельніцай Расіі ў вайне супраць Украіны. Ён адзначыў, што, нягледзячы на вызваленне некаторых палітычных зняволеных, новыя затрыманні працягваюцца.
Раней прэзідэнт Літвы падкрэсліваў, што санкцыі ЕС будуць захоўвацца да таго часу, пакуль у Беларусі застаюцца палітвязні, а таксама працягваюцца выпадкі запуску метэазондаў з кантрабанднымі цыгарэтамі. Дадатковае напружанне ў адносінах выклікае сітуацыя з затрыманнем у Беларусі літоўскіх грузавікоў.
ЗША ўвялі санкцыі супраць беларускіх вытворцаў угнаенняў у 2021 годзе. Еўрасаюз ужыў санкцыі да беларускага калійнага сектара ў 2022 годзе, а Літва спыніла транзіт беларускіх угнаенняў у лютым 2023 года.
