У доме на вуліцы Леніна ў Мінску, які пацярпеў у выніку буйнага пажару напрыканцы чэрвеня, пачаліся работы па аднаўленні асноўнага даху. Пра гэта паведаміў дырэктар КУП «Жыллёва-камунальная гаспадарка Ленінскага раёна Мінска» Дзмітрый Елісееў, перадае БелТА.
Паводле яго слоў, будаўнікі ўжо ўклалі маўэрлат, усталявалі ляжань і часткова змантавалі кроквенную сістэму. З боку вуліцы Леніна выканана каля 70% работ, працягваецца мантаж з боку двара. Участкі з гатовай кроквеннай сістэмай часова накрываюць плёнкай для абароны будынка.
Адначасова дэмантуецца часовы дах. Новы дах будзе выкананы па фальцавай тэхналогіі. Таксама завершана параізаляцыя гарышчнага памяшкання, што, паводле прадстаўнікоў камунальных службаў, дазваляе прадухіліць трапленне дажджавой вады ў кватэры.

«Мы інфармуем іх пра неабходнасць прасушкі памяшканняў. Адчыняем вокны, прадастаўляем цеплавыя гарматы, а некаторыя жыхары самастойна выкарыстоўваюць прылады для выдалення вільгаці. Мы таксама аказваем паслугі цесляроў, дапамагаем ускрываць падлогі або свідраваць адтуліны для лепшай прасушкі», — расказаў дырэктар.
На сённяшні дзень электразабеспячэнне адноўлена ў 56 з 80 кватэр. Падключэнне ажыццяўляецца пасля праверкі стану памяшканняў.
Паводле слоў Елісеева, асноўны дах плануецца поўнасцю аднавіць да канца жніўня. Паралельна вядзецца падрыхтоўка да капітальнага рамонту. На дадзены момант вызначана праектная арганізацыя, распрацоўку праекта разлічваюць завяршыць сёлета, а будаўніча-мантажныя работы пачаць у 2027 годзе.
Цяпер на аб’екце штодня працуюць 50–60 чалавек і пяць будаўнічых арганізацый, уключаючы начныя змены і выхадныя дні.
Пажар у шасціпавярховым доме на вуліцы Леніна, 9 адбыўся ўвечары 28 чэрвеня. Агонь ахапіў больш за 1 тыс. кв. м даху, а ліквідацыя ўзгарання заняла некалькі гадзін. Пасля пажару жыхароў дома часова рассялілі.