У 2025 годзе Еўрапейскі саюз выдзеліў больш за 2 млн еўра на адукацыйныя праграмы для беларускай моладзі. Пра гэта, падводзячы вынікі года, паведаміла прадстаўніца па маладзёжнай палітыцы і студэнцтве Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі Маргарыта Ворыхава.
Паводле яе слоў, на працягу года больш за 300 беларусаў атрымалі акадэмічныя стыпендыі ў ЕС, каля 150 магістрантаў былі падтрыманыя, а звыш 1000 чалавек узялі ўдзел у праграмах абмену і валанцёрства.
Акрамя таго, былі падтрыманыя каля 300 маладых прафесіяналаў у прадпрымальніцтве і праведзена больш за 250 індывідуальных кансультацый, а таксама больш за 10 семінараў і трэнінгаў для моладзі па ўмацаванні патэнцыялу.
«У сферы тэхналогій маладыя беларусы ствараюць стартапы і паспяхова прыцягваюць міжнародны капітал: толькі ў гэтым годзе заснавальнікі прыцягнулі больш за 600 000 долараў, а больш за 400 прадпрымальнікаў і інвестараў сабраліся на міжнародных тэхналагічных канферэнцыях», — паведаміла прадстаўніца АПК.
Яна таксама звярнула ўвагу на існуючыя бар’еры, калі частка адукацыйных праграм ЕС для беларусаў застаецца закрытай, а рэпрэсіі ўнутры краіны вымушаюць людзей да міграцыі.
«Паводле ацэнак, 48% беларускіх мігрантаў паведамляюць пра поўную страту кар’еры за мяжой. Прафесійная недазанятасць рэальная і вымяральная. Гэта азначае, што падтрымку інтэграцыі на рынку працы ЕС трэба пашыраць, прызнанне прафесійных кваліфікацый павінна паляпшацца, шляхі інвестыцый у вяртанне трэба ствараць ужо цяпер», — падкрэсліла яна.
Ворыхава таксама агучыла шэсць абавязацельстваў для прадстаўніцтва АПК на наступны год:
-
доступ да інфармацыі як аснова дэмакратыі — стварэнне інфармацыйнага цэнтра для беларускай моладзі і гнуткія ўмовы паступлення;
-
пашырэнне стыпендый і доступу. Сярод прапаноў — новыя стыпендыі, праграмы стажыровак і фелоўшыпаў;
-
сеткі вяртання прафесійнага патэнцыялу дыяспары — запуск ментарскай платформы і сектаральныя карты аднаўлення галін;
-
дэмакратычны голас моладзі ў будаўніцтве інстытутаў — празрыстыя механізмы ўплыву, удзел моладзевых арганізацый на ўсіх этапах працы;
-
пашырэнне адукацыйных альтэрнатыў — праграмы прадпрымальніцтва, лічбавых навыкаў і анлайн-навучання для дыяспары, спрашчэнне візавых працэдур;
-
прызнанне навыкаў і інтэграцыя на рынку працы — перамовы з ЕС аб прызнанні кваліфікацый беларусаў і стварэнне праграм мікрастажыровак.
«Наша роля заключаецца ў тым, каб узмацняць моладзь. Забяспечваць інфраструктуру і даступнасць. Дапамагаць рэсурсам дасягаць маладых лідараў і лідарак. І абяцаць, што пры пераходзе голас моладзі не будзе проста дадаткам», — заявіла Ворыхава.
Паводле яе слоў, у цяперашні час будуецца інстытуцыйная інфраструктура для лідарства маладых беларусаў.
«Мы зробім усё магчымае, каб у вас была магчымасць развіваць свае навыкі — на тэрыторыі сваёй краіны і за яе межамі. Мы пашырым для вас доступ у інстытуты ЕС. Мы замацуем ваша месца за сталом прыняцця рашэнняў», — запэўніла прадстаўніца АПК.