Праект FactCheck.LT прааналізаваў публікацыі беларускіх СМІ за 2025 год і прыйшоў да высновы, што дзяржаўныя медыя сістэматычна канструююць альтэрнатыўную рэальнасць.
Даследаванне ахоплівае публікацыі беларускіх СМІ за 2025 год з падзелам на дзве групы ў датасэце: больш за 72 000 публікацый з незалежных медыя і 77 000 з медыя з дзяржаўнай формай уласнасці. Усяго са 150 000 апрацаваных дакументаў было вынята каля 40 тысяч цытат і 450 тысяч згадванняў.
Аналіз цытавання выяўляе не проста рэдакцыйныя перавагі, а сістэматычнае канструяванне альтэрнатыўных рэальнасцей. Чытач дзяржаўных СМІ жыве ў свеце, дзе беларуская апазіцыя не існуе, Трамп не кажа нічога значнага, Літва маўчыць, а галоўнымі саюзнікамі выступаюць Венгрыя і кола прарасійскіх экспертаў, дзеляцца высновамі даследчыкі.
Чытач незалежных СМІ атрымлівае карціну, у якой украінскія вайскоўцы і палітыкі з’яўляюцца значнымі актарамі, дэмакратычныя сілы Беларусі захоўваюць голас, а заходнія лідараў ад Літвы да ЗША фарміруюць кантэкст таго, што адбываецца, адзначаюць яны.
«Гэтыя дзве інфармацыйныя прасторы перасякаюцца толькі ў пункце непазбежнага — гэта фігуры Лукашэнкі, Пуціна і вышэйшых расійскіх чыноўнікаў. Усё астатняе існуе ў паралельных сусветах», — лічаць аўтары FactCheck.LT.

