Цэнтры патрыятычнага выхавання моладзі плануюць развіваць у Саюзнай дзяржаве

Навіны
Фото: duma.gov.ru

На базе Саюзнай дзяржавы плануюць стварыць Цэнтры патрыятычнага выхавання моладзі, дзяржзаказчыкам стане расійскае Мінасветы. Пра гэта заявіў на другім пасяджэнні Камісіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі па захаванні і абароне гістарычнай памяці сустаршыня Камісіі з расійскага боку, намеснік старшыні Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, першы намеснік старшыні Дзярждумы Іван Мельнікаў.

На пасяджэнні абмеркавалі прапановы па заснаванні прэміі Саюзнай дзяржавы за ўклад у захаванне гістарычнай памяці.

«Зацвярджэнне такой прэміі ўнясе значны ўклад у патрыятычнае выхаванне моладзі, падтрымае навуковыя даследаванні і культурна-асветніцкія праекты. Без актыўнага ўцягнення ў гэты працэс моладзі немагчыма забяспечыць перадачу ад пакалення да пакалення гістарычнай праўды і яе абарону ад скажэнняў», — заявіў Мельнікаў.

«У практычным плане гэтыя задачы могуць эфектыўна вырашацца на базе цэнтраў патрыятычнага выхавання. Старшынёй Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі Вячаславам Віктаравічам Валодзіным было даручана прапрацаваць пытанні развіцця такіх цэнтраў у Саюзнай дзяржаве.

У якасці паспяховага прыкладу прыводзіўся Рэспубліканскі цэнтр патрыятычнага выхавання моладзі на тэрыторыі Кобрынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці. Знаходзячыся ў такіх знакавых месцах, хлопцы дакранаюцца да жывой гісторыі, адчуваюць, наколькі высокай была цана Перамогі і як важна абараняць сваю Радзіму. Гэтыя ўражанні акажуць велізарны ўплыў на фарміраванне асобы», — дадаў ён.

Паводле яго слоў, ужо наладжана ўзаемадзеянне па лініі профільных органаў выканаўчай улады і канкрэтных рэгіёнаў.

Мельнікаў паведаміў, што «на бягучы момант ужо ёсць гатоўнасць у тэставым рэжыме прыняць у летні перыяд 2026 года да пяцідзесяці маладых хлопцаў з Валгаградскай вобласці» у Рэспубліканскім цэнтры патрыятычнага выхавання моладзі ў Брэсцкай крэпасці. Ёсць таксама дамоўленасць аб прыняцці ў аналагічным фармаце людзей з Беларусі на базе абаронча-спартыўнага лагера «Авангард» у Валгаградскай вобласці.

«Міністэрства асветы Расійскай Федэрацыі выказала гатоўнасць выступіць дзяржаўным заказчыкам новага мерапрыемства Саюзнай дзяржавы з рабочай назвай «Цэнтр патрыятычнага выхавання моладзі Саюзнай дзяржавы». Лічу, што ў далейшым гэтае мерапрыемства магло б атрымаць статус штогадовага», — заявіў намеснік старшыні Дзярждумы.

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.

Апошнія навіны