Савет дырэктараў Банка Расіі прыняў рашэнне знізіць ключавую стаўку яшчэ на 0,5 п.п. да 14,5% гадавых. Нагадаем, на піку яна складала 21% гадавых.
“Дынаміка ўнутранага попыту наблізілася да магчымасцей пашырэння прапановы тавараў і паслуг. Пры гэтым паказчыкі ўстойлівага росту цэн пакуль не зніжаюцца і, паводле ацэнкі Банка Расіі, застаюцца ў дыяпазоне 4–5% у пераліку на год. Захоўваецца істотная нявызначанасць з боку знешніх умоў і параметраў бюджэтнай палітыкі”, – гаворыцца ў заяве рэгулятара.
Базавы сцэнар прадугледжвае, што сярэдняе значэнне ключавой стаўкі ў гэтым годзе складзе 14–14,5% гадавых, а ў 2027 годзе — 8–10% гадавых. Расійскі цэнтрабанк чакае, што гадавая інфляцыя ў гэтым годзе знізіцца да 4,5–5,5%.
У першым квартале рэгулятар адзначыў рост інфляцыі. З папраўкай на сезоннасць інфляцыя склала 8,7% пасля 4,4% у чацвёртым квартале. Аналагічны паказчык базавай інфляцыі ў сярэднім склаў 6,3% пасля 5% у папярэднім квартале. Паскарэнне інфляцыі тлумачыцца павышэннем ПДВ і індэксацыяй рэгуляваных цэн і тарыфаў.
Банк Расіі таксама адзначае запаволенне расійскай эканомікі ў першым квартале. Пры гэтым не змяняе свой прагноз росту ВУП РФ у цэлым за год. Ён складае 0,5–1,5%.
Наступны раз рашэнне аб ключавой стаўцы будзе прымацца Банкам Расіі 19 чэрвеня.
РФ застаецца галоўным гандлёвым партнёрам Беларусі, таму тэмпы росту і інфляцыйныя працэсы ў гэтай краіне аказваюць уплыў і на працу беларускай эканомікі. Зніжэнне ключавой стаўкі паніжае кошт крэдытных рэсурсаў для расійскіх пакупнікоў беларускіх інвестыцыйных тавараў. Разам з тым бягучае значэнне стаўкі застаецца ўсё яшчэ дастаткова высокім. Для параўнання, у Беларусі стаўка рэфінансавання складае 9,75% гадавых.
