Ціханоўская: У Беларусі не павінна быць ніводнага палітвязня

Галоўнае
Скриншот видео

У Беларусі не павінна быць ніводнага палітвязня, а краіна павінна перастаць быць турмой для народа. Пра гэта заявіла Святлана Ціханоўская ў сваім звароце да Дня салідарнасці з беларускімі палітвязнямі.

«Пяць гадоў таму здарылася першая смерць палітвязня — у шклоўскай калоніі загінуў Вітольд Ашурак. Яго смерць стала жахлівым вынікам таго, што робіць рэжым з людзьмі за кратамі. Яго смерць — рана, якая не загойваецца. І гэты дзень цяпер — дзень салідарнасці з усімі, хто сёння ў няволі.

Больш за 800 чалавек. Столькі прызнаных палітвязняў сёння ў Беларусі. Але ж сапраўдная лічба яшчэ большая. Бо ёсць людзі, пра якіх мы не ведаем, ёсць сем’і, якія баяцца гаварыць, ёсць справы, якія не трапляюць у навіны.

Але палітвязні — гэта людзі з імёнамі, сем’ямі, лёсамі і марамі. Людзі, якіх пакаралі па адвольных абвінавачваннях, за каментар ці данат, за фота, за маўклівую нязгоду.

Кожны дзень у няволі для іх — гэта страчанае здароўе, гады без родных, сон пры святле, холад, няякасная ежа, адсутнасць нармальнага лячэння. І жоўтая бірка на робе як знак таго, што ты «небяспечны».

Майго мужа прымушалі прыбіраць у камеры па чатыры разы на дзень. Адна з былых палітвязынак распавядала, як засынала стоячы і ледзь не падала на бетонную падлогу, бо правяла пяць содняў без нармальнага сну. Сцяпан Латыпаў зрабіў тры спробы суіцыду. І колькі такіх гісторый, пра якія мы проста не дазналіся?

Я ведаю, як гэта — чакаць роднага чалавека з турмы. Жыць паміж надзеяй і страхам. І ўсё адно трымацца. Бо цябе чакаюць дзеці. Бо ты не маеш права апусціць рукі. Мой муж правёў за кратамі больш за пяць гадоў і я памятаю кожны дзень гэтага чакання. Калі сэрца сціскаецца ад навінаў пра этапы, карцары, адсутнасць лістоў. Гэта боль, які я падзяляю з тысячамі беларускіх сем’яў.

Больш за год таму, дзякуючы амерыканскай дыпламатыі, дзякуючы міжнароднаму ціску, і дзякуючы нашай супольнай працы — людзі пачалі выходзіць на волю, і мы шчыра радуемся за кожнага і кожную.

Гэта адбылося таксама таму, што мы не маўчалі. Таму што ўсе гэтыя гады мы з вамі працавалі з міжнароднай супольнасцю, расказвалі свету пра тых, каго рэжым хацеў ад свету схаваць. Мы называлі імёны, збіралі дапамогу, пісалі лісты. Праваабаронцы, сем’і палітвязняў, журналісты, дыпламаты, валанцёры і кожны неабыякавы чалавек — усе мы зрабілі сваю частку працы.

Але выйсці з турмы — яшчэ не значыць сапраўды выйсці на свабоду. Многія жывуць пад наглядам, з шматлікімі забаронамі, многіх прымусова вывезлі за мяжу і пакінулі без дакументаў. Турма скончылася — пераслед не. І ім патрэбна падтрымка і нашая ўвага не менш, чым тым, хто яшчэ за кратамі.

У Беларусі не павінна быць ніводнага палітвязня. Ніводнага. За гэтыя гады мы амаль прызвычаіліся: сотні імёнаў у спісе палітзняволеных штодзённыя затрыманні, звесткі пра катаванні — усё гэта стала нібыта новай нормай. Але гэта не норма. Гэта не мусіць быць нормай.

Мы працягнем змагацца, каб кожны і кожная выйшлі на свабоду.

Беларусь не павінна быць турмой для свайго народу», – сказала яна.

Сёння ў Вільні пачынаецца Трэці кангрэс па палітычных зняволеных Беларусі #WithoutJustCause. 19 мая ў польскай Познані ўжо адбылося мерапрыемства, прымеркаванае да кангрэса. Яно было прысвечана рэпрэсаванай моладзі.

На кангрэсе збяруцца праваабаронцы, палітыкі, дыпламаты, прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасці і дыяспары. Удзел возьме таксама Святлана Ціханоўская.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.