Святлана Ціханоўская ў Рыме атрымала прэстыжную ўзнагароду Margaret Thatcher Award, якую штогод уручаюць за выдатнае лідарства і прыхільнасць прынцыпам свабоды.
Падчас свайго выступу лідарка дэмсіл адзначыла, што беларускія пратэсты 2020 года часта называюць «рэвалюцыяй з жаночым тварам», і прысвяціла ўзнагароду ўсім беларускім жанчынам, якія працягваюць змагацца за свабоду.
«Маргарэт Тэтчэр казала, што мужнасць — гэта самая важная дабрадзейнасць. Сёння я прысвячаю гэтую ўзнагароду мужным беларускім жанчынам, якія змагаюцца за свабоду. Якія не ідуць за натоўпам, а пракладваюць шлях. Такім жанчынам, як Марыя Калеснікава, якая разарвала свой беларускі пашпарт і выкінула яго ў акно машыны, каб яе не дэпартавалі з краіны.
Як Кацярына Андрэева, якая працягвала весці прамую трансляцыю з мітынгу, пакуль яе арыштоўваў АМАП Лукашэнкі. Як Ніна Багінская, пажылая жанчына, якая зноў і зноў пратэставала на вуліцах, нягледзячы на шматлікія арышты і прысуды. Нашы ўласныя жалезныя лэдзі. Многія з гэтых жанчын застаюцца за кратамі. І мы не спыняем барацьбу за іх вызваленне. Таксама як і не спынімся змагацца за нашу краіну», — заявіла палітык.