Ціханоўская ў гадавіну тэракту ў мінскім метро заклікала да незалежнага расследавання трагедыі

Галоўнае
Фото: t.me/minskoemetro

Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў у сувязі з 15-годдзем выбуху ў мінскім метро, у выніку якога загінулі 15 чалавек і пацярпелі больш за 400.

«Сёння — дзень памяці і болю, які жыве ў нашых сэрцах ужо 15 гадоў», — адзначыла палітык.

“15 чалавек. Звычайных людзей, якія проста ехалі дадому, спяшаліся да сваіх блізкіх, жылі звычайным жыццём, будавалі планы. І чые жыцці былі жорстка абарваны ў адзін момант. Больш за 400 атрымалі раненні. Ніякія словы не здольныя перадаць той жах, які перажылі сотні сем’яў і ўся Беларусь”, – напісала яна.

Ціханоўская нагадала, як у тыя трагічныя дні беларусы не засталіся ўбаку — падвозілі пацярпелых, аказвалі медыцынскую дапамогу, шукалі родных па бальніцах.

«Нават у самыя цяжкія моманты беларусы не засталіся ўбаку — трымаліся разам і дапамагалі адно аднаму», — падкрэсліла яна.

Палітык заявіла, што пасля трагедыі засталіся пытанні, адказаць на якія можа толькі поўнае, незалежнае і празрыстае расследаванне, якому людзі змогуць давяраць.

“Гэта памяць, якая застаецца з намі. Але памяць — гэта і адказнасць. Адказнасць перад тымі, каго ўжо няма, і перад тымі, хто жыве сёння. І таму праўда пра гэтую трагедыю таксама мае значэнне. Калі ў грамадстве праз гады застаюцца пытанні, адказаць на іх можа толькі поўнае, незалежнае і празрыстае расследаванне, якому людзі могуць давяраць. Бяспека людзей — гэта аснова, на якой трымаецца любое грамадства”, – падкрэсліла яна.

Нагадаем, выбух прагрымеў 11 красавіка 2011 года ў 17.55. У выніку тэракту загінулі 15 чалавек і сотні пацярпелі. Вінаватымі былі прызнаны 25-гадовыя ўраджэнцы Віцебска Дзмітрый Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў. Іх прысудзілі да смяротнага пакарання. У сакавіку 2012 года стала вядома, што прысуд прыведзены ў выкананне.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.