Дэмакратычныя сілы склікалі аргкамітэт «Чарнобыльскага шляху» пад лозунгам «За незалежную бяз’ядзерную Беларусь». Офіс Святланы Ціханоўскай паведаміў пра пасяджэнне арганізацыйнага камітэта, прымеркаванае да 40-годдзя Чарнобыльскай катастрофы.
У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі Офіса, экалагічных арганізацый і беларускай дыяспары.
Сёлета акцыя пройдзе пад лозунгам «За незалежную бяз’ядзерную Беларусь». Паводле слоў арганізатараў, за 40 гадоў, якія прайшлі пасля катастрофы, пагроза не знікла, а беларускія ўлады па-ранейшаму застаюцца не падсправаздачнымі грамадству.
Аргкамітэт каардынуе правядзенне акцый па ўсім свеце пры ўдзеле дэмакратычных сіл, экалагічных арганізацый і беларускай дыяспары. Мэтай камітэта называецца вызначэнне агульных пасланняў і фарматаў правядзення акцыі, а таксама каардынацыя мерапрыемства ў розных гарадах свету.
Упершыню 26 красавіка ў Вільнюсе адбудзецца памятны забег “Чарнобыльскі шлях”, прысвечаны ліквідатарам наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Удзельнікі забегу ўшануюць памяць герояў з Беларусі, Украіны і Літвы — тых, хто тушыў пажары, праводзіў дэзактывацыю тэрыторый і будаваў саркафаг, ахвяруючы сваім здароўем і жыццём.
У апошнія гады акцыі, прысвечаныя гадавіне Чарнобыльскай катастрофы, праходзяць у розных краінах і арганізуюцца беларусамі за мяжой.

