Бюджэт Мінска ў 2025 годзе выкананы з дэфіцытам у 82 млн рублёў

Мінгарсавет рашэннем №231 ад 27 сакавіка зацвердзіў справаздачу аб выкананні бюджэту Мінска ў 2025 годзе. Дакумент сёння апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Даходы бюджэту беларускай сталіцы ў мінулым годзе склалі амаль 12,3 млрд рублёў, выдаткі — 12,38 млрд рублёў. Дэфіцыт бюджэту дасягнуў 82,04 млн рублёў.

Мінскі гарадскі бюджэт атрымаў у мінулым годзе 5,84 млрд рублёў падаходнага падатку з фізічных асоб і 3,79 млрд рублёў падатку на прыбытак, а таксама 727,98 млн рублёў даходаў на ўласнасць. Непадатковыя даходы сталіцы ў мінулым годзе склалі 753,67 млн рублёў. Таксама ў Мінску сабралі 81,59 млн рублёў штрафаў.

Мінгарвыканкам выдаткаваў:

  • на агульнадзяржаўную дзейнасць — 2,57 млрд рублёў, з якіх 2,25 млрд рублёў былі накіраваны ў іншыя бюджэты;
  • на нацыянальную абарону — 14,07 млн рублёў,
  • на суды і сілавікоў — 85,49 млн рублёў;
  • на нацыянальную эканоміку — 1,3 млрд рублёў, з якіх 1,02 млрд рублёў былі выдаткаваны на грамадскі транспарт, у тым ліку на метро амаль 453 млн рублёў;
  • на ЖКГ і жыллёвае будаўніцтва — 2,28 млрд рублёў, у тым ліку 989,3 млн рублёў пайшло на добраўпарадкаванне;
  • на ахову здароўя — 2,84 млрд рублёў;
  • на фізкультуру, спорт, культуру і СМІ — 370,05 млн рублёў;
  • на адукацыю — 2,4 млрд рублёў, у тым ліку 742,4 млн рублёў на дашкольную і 1,28 млрд рублёў — на агульную сярэднюю адукацыю;
  • на сацыяльную палітыку — 404,6 млн рублёў.
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.