Беларуская інтэрнэт-бібліятэка Kamunikat.org падверглася хакерскай атацы. Пра гэта паведаміў яе стваральнік Яраслаў Іванюк.
Паводле яго слоў, зламыснік змог атрымаць доступ на ўзроўні адміністратара і паслядоўна выдаляў публікацыі і навіны. Каля 2:30 удалося яго заблакаваць.
Усяго ён змог выдаліць некалькі тысяч публікацый. Аднак, як паведаміў Іванюк, наступствы ўдалося амаль цалкам ліквідаваць: публікацыі былі адноўленыя, а навіны — да пачатку кастрычніка. Працы па аднаўленні сайта працягваюцца.
«Спадзяёмся, што ўсё атрымаецца цалкам аднавіць. Пакуль мы не ведаем, хто стаяў за гэтай атакай», — паведаміў Іванюк.
Kamunikat.org — найбуйнейшая беларуская бібліятэка ў інтэрнэце. На сайце сабрана каля 60 тыс. публікацый: кнігі, аўдыякнігі, газеты, часопісы, відэа і інш. Бібліятэцы ўжо споўнілася 25 гадоў.