БелАЗ разам з беларускай кампаніяй «ІнДэв Солюшэнс» і ТАА «РТ-Развіццё бізнесу», якое ўваходзіць у дзяржкарпарацыю «Ростех», стварыў у Маскве сумеснае прадпрыемства “Роблекс”.
Як паведамілі ў прэс-службе беларускага завода, новае прадпрыемства будзе займацца інтэграцыяй у расійскую горназдабыўную галіну комплексных рашэнняў у галіне вадародных і беспілотных кар’ерных самазвалаў.
“У ходзе сумеснай працы беларускі бок засяродзіцца на вытворчасці самазвалаў і распрацоўцы спецыялізаванага праграмнага забеспячэння, расійскі — забяспечыць бесперашкодную інтэграцыю гэтых інавацыйных рашэнняў на прадпрыемствы горназдабыўной галіны. Сумесныя намаганні накіраваны на фарміраванне адзінай платформы, якая будзе спрыяць развіццю і ўкараненню тэхналогій штучнага інтэлекту, тэлеметрыі і вадароднай энергетыкі”, — патлумачылі ў прэс-службе.
“Роблекс” будзе вырашаць некалькі задач:
- укараненне вадародных і беспілотных кар’ерных самазвалаў на расійскім рынку;
- стварэнне неабходнай інфраструктуры;
- адаптацыя і суправаджэнне IT-рашэнняў;
- сэрвіснае суправаджэнне, уключаючы навучанне, тэхнічную падтрымку, мадэрнізацыю праграмнага забеспячэння і абсталявання.
