Беларускі голас на Берлінале: незалежныя кінематаграфісты прэзентуюць новыя праекты на Еўрапейскім кінарынку

Культура
Арцём Лобач прэзентуе свой праект «Lithuania Minor» падчас пітчынгу ў 2025 годзе. Фота: сацсеткі Беларускай незалежнай кінаакадэміі.

14 лютага ў межах Еўрапейскага кінарынку (EFM) на Берлінскім міжнародным кінафестывалі адбудзецца прэзентацыя BIFA Work in Progress. Гэта адмысловы шоўкейс-пітчынг незалежных беларускіх кінапраектаў, якія знаходзяцца ў пошуку міжнародных партнёраў, прадзюсараў і фінансавання.

Пітчынг (ад слова pitch — прасоўваць, выстаўляць пра продаж) — вусная або візуальная прэзентацыя кінапраекта з мэтай знаходжання інвестараў.

Беларуская незалежная кінаакадэмія (BIFA) прадставіць на пітчынгу шэсць праектаў (мастацкіх і дакументальных) кінематаграфістаў з Беларусі.

У выбарку трапілі працы, што адлюстроўваюць розныя бакі беларускага вопыту:

  • «Small Talk» («Свецкая размова») — дакументальнае кіно Сяргея Кавалёва;

  • «Miss of the East» («Міс Усходу») — дакументальны праект мастачкі Яны Шостак;

  • «Redhead Squirrel» («Рудая вавёрка») — ігравая стужка Ульяны Шаргаевай;

  • «Kupala Night» («Купальская ноч») — мастацкі фільм Лізы Чаканавай;

  • «From the Heart to the Sun» («Ад сэрца да сонца») — ігравы праект рэжысёра серыяла “Працэсы” Андрэя Кашперскага.

Беларускі голас на Берлінале: незалежныя кінематаграфісты прэзентуюць новыя праекты на Еўрапейскім кінарынку
Пітчынг праекта Аляксандры С. і Міхала Мешчыка «Краіна ўцех». Фота: Беларуская незалежная кінаакадэмія.

Яшчэ адзін мастацкі фільм будзе прадстаўлены ў рэжыме ананімнасці — яго аўтары не называюцца публічна з мэтаў бяспекі.

Нагадаем, што першы пітчынг беларускіх праектаў на Еўрапейскім кінарынку, арганізаваны Беларускай незалежнай кінаакадэміяй, адбыўся два гады таму: паслухаць беларускіх фільммейкераў у Gropius Bau сабралася больш за 70 чалавек. Прысутнічалі беларускія кінематаграфісты, еўрапейскія адмыслоўцы і прадстаўнікі кінаіндустрыі. У межах сустрэчы 2024 года Мара Тамковіч, у прыватнасці, паказала эпізод свайго першага поўнаметражнага фільма «Пад шэрым небам», прэм’ера якога адбылася ў чэрвені на нью-ёркскім фестывалі Tribeca.

У межах будучага EFM працягне таксама працу стэнд Беларускай незалежнай кінаакадэміі.

Берлінскі міжнародны кінафестываль пройдзе з 12 па 22 лютага. Еўрапейскі кінарынак у межах кінаагляду будзе працаваць з 12 па 18 лютага.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.

Апошнія навіны