Беларусь вядзе экспарт праз 13 партоў Расіі. Пра гэта паведаміў міністр транспарту і камунікацый Аляксей Ляхновіч. Паводле яго слоў, у студзені–кастрычніку аб’ём перавалкі беларускіх грузаў праз расійскія парты вырас на 3,7%, перадае БелТА.
Ляхновіч адзначыў, што асноўныя экспартныя патокі накіроўваюцца ва ўсходнім кірунку з выкарыстаннем інфраструктуры Расіі, Кітая, Казахстана, Ірана, Азербайджана, Туркменістана, Узбекістана.
“Рэалізаваны пілотны праект па кансалідацыі і пастаўцы тавараў у краіны далёкай дугі. Беларускія экспартныя грузы адпраўлены ў Афрыку (Егіпет, ПАР), Лацінскую Амерыку (Нікарагуа), Паўднёва-Усходнюю Азію (В’етнам, М’янма, Рэспубліка Карэя, Індыя) і на Блізкі Усход (ААЭ).
Для скарачэння выдаткаў на дастаўку беларускага экспарту міністэрства праводзіць перамовы аб зніжэнні чыгуначных тарыфаў. У выніку чыгуначнымі адміністрацыямі Расіі, Казахстана, Узбекістана, Туркменістана прадастаўлены зніжкі па асобных відах беларускіх грузаў”, — расказаў міністр.
Ляхновіч таксама адзначыў, што ў гэтым годзе павінен завяршыцца праект па мадэрнізацыі ўчасткаў чыгуначнай інфраструктуры 9-га агульнаеўрапейскага транспартнага калідора ў напрамку партоў паўночна-заходняй часткі РФ.
