Грамадзянін Беларусі спрабаваў незаконна ўвезці з Польшчы вырабы з фарфору, частка якіх прызнана культурнымі каштоўнасцямі. Правапарушэнне было выяўлена ў пункце пропуску «Брэст», паведамляе прэс-служба Мытнага камітэта.
Для перасячэння мяжы 45-гадовы кіроўца абраў «зялёны калідор», які прадугледжвае адсутнасць тавараў, што падлягаюць абавязковаму дэклараванню. Аднак пры аглядзе аўтамабіля і багажу было выяўлена больш за 15,5 кг фарфоравых вырабаў — фігурак, посуду, падсвечнікаў і свяцільнікаў.
Па выніках экспертызы пяць прадметаў, вырабленых больш за 50 гадоў таму, аднесены да катэгорыі культурных каштоўнасцяў. Паводле слоў мужчыны, у Польшчы незнаёмы яму чалавек папрасіў перавезці гэтыя рэчы праз мяжу за ўзнагароджанне ў памеры 150 рублёў.
Пачаты адміністрацыйны працэс па ч. 2 арт. 15.1 КаАП. Санкцыя артыкула прадугледжвае штраф да 30 базавых велічынь з магчымай канфіскацыяй тавараў.
Фарфоравыя вырабы агульным коштам больш за 28 тысяч рублёў канфіскаваны да рашэння суда.






Фота: t.me/customs_bel[/caption>
