Амаль 1,7 тысячы літоўскіх грузавых аўтамабіляў пакінулі Беларусь, дзе яны знаходзіліся з лістапада 2025 года. Пра гэта паведаміў старшыня беларускага Дзяржаўнага мытнага камітэта Уладзімір Арлоўскі, піша БелТА.
Паводле яго слоў, на дадзены момант у Беларусі засталося крыху больш за 200 грузавікоў — каля 12% ад першапачатковай колькасці.
“Праца вядзецца спакойна. Паводле нашых прагнозаў, на працягу мая гэтае пытанне падыдзе да завяршэння. Хто захоча выехаць, тыя транспартныя сродкі пакінуць Беларусь”, — заявіў ён.
Нагадаем, Беларусь з восені 2025 года ўтрымлівала грузавікі з літоўскай рэгістрацыяй у адказ на закрыццё мяжы Літвой. Беларускія ўлады змясцілі аўтамабілі на спецыяльныя платныя стаянкі і не выпускалі іх некалькі месяцаў. Беларусь дазволіла выезд грузавікоў з 23 сакавіка, пасля перамоваў Аляксандра Лукашэнкі і спецпасланніка прэзідэнта ЗША Джона Коўла. Перавозчыкам дазваляецца забраць грузавікі пасля ўнясення платы за стаянку.
Паводле даных беларускага боку, усяго ў Беларусі на стаянках утрымлівалася больш за 1,9 тыс. транспартных сродкаў, у тым ліку цягачоў, прычэпаў і паўпрычэпаў.