Дэпартаваныя ва Украіну Віктар Бабарыка і Марыя Калеснікава пагутарылі па відэасувязі з прэм’ер-міністрам Літвы Інгай Ругінене. Яны заклікалі ЕС і Літву «падключыцца да намаганняў ЗША і не ўпусціць адкрытае акно магчымасцяў», паведамляе прэс-служба каманды Бабарыкі.
Факт размовы пацвердзіла літоўская палітык. У размове таксама ўдзельнічаў Максім Знак.
«Мне выпала магчымасць пагаварыць з Марыяй Калеснікавай, Віктарам Бабарыкам і Максімам Знакам — палітычнымі зняволенымі, вызваленымі з беларускай турмы, дзе ім ніколі не след было знаходзіцца», — напісала яна ў сваім блогу ў сетцы X.
Бабарыка і Калеснікава падзякавалі прэм’еру за падтрымку, а таксама адзначылі, што «абавязкова прыедуць з візітам, як толькі з’явіцца такая магчымасць», перадае прэс-служба каманды Бабарыкі.
Былыя палітвязні заклікалі ЕС і Літву падтрымаць дыпламатычныя намаганні ЗША. У паведамленні не ўдакладняецца, што менавіта маецца на ўвазе.
«Яны абазначылі, што важна даць шанец дыпламатычным намаганням ЗША, у тым ліку ў пытаннях вызвалення палітычных зняволеных і зніжэння напружанасці паміж нашымі краінамі, каб пазбегнуць новых рызык для бяспекі. Паводле іх слоў, надзвычай важна, каб Еўрапейскі саюз і Літва падключыліся да намаганняў ЗША і не ўпусцілі адкрытае акно магчымасцяў», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы каманды Бабарыкі.
Бабарыка і Калеснікава выказалі словы падтрымкі Украіне.
«У цяперашні момант Віктар Бабарыка і Марыя Калеснікава знаходзяцца на тэрыторыі Украіны і бачаць, што там адбываецца. Яны адзначылі, што вельмі важна, каб Літва і Еўрапейскі саюз не адвярнуліся ад Украіны ў гэты крытычны момант», — адзначаецца ў паведамленні.
Бабарыка і Калеснікава «лічаць неабходным максімальна захоўваць сувязі паміж беларусамі і літоўцамі, пашыраць магчымасці для іх мабільнасці і палегчыць перасячэнне межаў нашых краін».
