65-гадовы каталіцкі святар з Вілейскага раёна Анатоль Парахневіч, які знаходзіцца пад вартай ужо больш за месяц, перанёс інфаркт. Ён застаецца ў следчым ізалятары ў цяжкім стане, піша Katolik.life са спасылкай на вернікаў.
Паводле наяўных звестак, ксяндзу прад’яўлена абвінавачанне ў «здрадзе дзяржаве». Падрабязнасці абвінавачання невядомыя. Мяркуецца, што святар утрымліваецца ў СІЗА КДБ.
Раней паведамлялася, што ў вернікаў з’явілася версія аб падставе для зняволення святара. На іх думку, свяшчэннаслужыцеля маглі абвінаваціць у дапамозе па захаванні памяці грамадзян Польшчы, якія загінулі на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў першай палове XX стагоддзя.
“Калі сапраўды менавіта тое, пра што здагадваюцца вернікі, стала падставай для арышту ксяндза, то святар зняволены несправядліва — у яго дзеяннях няма ніякага злачынства”, — піша рэсурс.
Нагадаем, пасля затрымання ксяндза 16 сакавіка ў вёсцы Альковічы сілавікі абшукалі дом святара і касцёл Наведвання Дзевы Марыі, апячаталі дом і канфіскавалі ключы ад храма. Іх вярнулі толькі праз тыдзень — нядзельная служба 22 сакавіка была адменена. Месцазнаходжанне святара па-ранейшаму невядома — мяркуецца, ён утрымліваецца ў следчым ізалятары КДБ у Мінску. У Парахневіча няма сваякоў, што дадаткова ўскладняе атрыманне інфармацыі пра яго.
Анатоль Парахневіч нарадзіўся 16 чэрвеня 1960 года ў Жлобінскім раёне, вырас сіратой, выхоўваўся ў дзіцячым доме, атрымаў духоўную адукацыю ў польскім Беластоку. Рукапакладзены ў сан святара ў 1995 годзе. З 2007 года служыць у Альковічах, дзе заснаваў невялікі музей пры касцёле.
