Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі прыняў рашэнне аб узнагароджанні Крыжам добрасуседства, медалямі Францыска Скарыны і «За плённую працу на карысць Беларусі». Адпаведныя пастановы падпісала 1 мая кіраўніца кабінета Святлана Ціханоўская. Лаўрэаты былі намінаваны грамадскімі арганізацыямі і актывістамі і зацверджаны камісіяй па ўзнагародах пры АПК.
Крыжам добрасуседства ўзнагароджаны Б’ёрн Олаф Сёдэр — шведскі палітык, дэпутат Рыксдага, член Камітэта па абароне, Ваеннай дэлегацыі і дэлегацыі ў Парламенцкай асамблеі НАТА, кіраўнік шведскай дэлегацыі ў ПА АБСЕ.
Медаль Францыска Скарыны прысуджана Томасу Міхаэлю Бону — нямецкаму вучонаму, аднаму з вядучых спецыялістаў па даследаванні і папулярызацыі беларускай гісторыі ў заходняй акадэміі.
Медалём «За плённую працу на карысць Беларусі» ўзнагароджаны 7 чалавек:
- Сесілія Экман — шведская юрыстка, якая дапамагае беларусам у Швецыі з прававымі пытаннямі;
- Ілва Эвертэ — латвійская журналістка, заснавальніца і прадстаўніца FreeBelarus у Рызе;
- Алан Флаўэрз — брытанскі вучоны, шматгадовы даследчык тэм Чарнобыля, правоў чалавека і беларускай культуры;
- Кірыл Кірылаў — грамадзянскі актывіст беларускай супольнасці ў Фінляндыі;
- Аляксандр Пятухоў — актывіст беларускай супольнасці ў Шатландыі, каардынатар гуманітарных збораў для палітвязняў, бежанцаў і беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне;
- Аляксандр Лозка — беларускі фалькларыст і заснавальнік праекта беларускай школы ў Варшаве;
- Марыя Рудзь — актывістка беларускай дыяспары, старшыня асацыяцыі RAZAM Berlin / Belarusische Gemeinschaft RAZAM e.V.
