Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International апублікавала штогадовую справаздачу пра практыку прымянення смяротнага пакарання ў свеце. У мінулым годзе яна не зафіксавала прывядзення смяротных прысудаў у выкананне ў Беларусі.
“У Беларусі 2025 год стаў першым годам, калі Amnesty International не зафіксавала ні новых смяротных прысудаў, ні пакаранняў з моманту прыходу да ўлады прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ў 1994 годзе. Аднак Amnesty International не змагла пацвердзіць колькасць людзей, прысуджаных да смяротнага пакарання ў краіне, з-за таго, што ўлады выконвалі смяротныя прысуды ў строгай сакрэтнасці і не адказвалі на запыты арганізацыі аб прадастаўленні інфармацыі.
Да канца справаздачнага перыяду лёс і месцазнаходжанне двух мужчын, чые смяротныя прысуды былі пацверджаныя Вярхоўным судом у 2020 і 2024 гадах адпаведна, заставаліся невядомымі. На падставе наяўнай інфармацыі Amnesty International ацэньвае, што прынамсі адзін чалавек заставаўся прысуджаным да смяротнага пакарання ў Беларусі да канца 2025 года”, — гаворыцца ў справаздачы.
Разам з тым у мінулым годзе колькасць пакаранняў дасягнула максімуму з 1981 года, калі арганізацыя пачала весці статыстыку. Усяго ў 17 краінах былі пакараныя 2707 чалавек.
Іранскія ўлады пакаралі не менш за 2159 чалавек, у Саудаўскай Аравіі колькасць пакаранняў вырасла да 356. Выкананне смяротных прысудаў зафіксавана ў Кувейце (17), Егіпце (23), Сінгапуры (17), ЗША (47).
Для параўнання, у 2024 годзе арганізацыя зафіксавала 1519 пакаранняў. Яна адзначае, што статыстыка за 2025 год не ўлічвае пакаранні, якія праводзяцца ў Кітаі.
