Кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна», лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі праз амаль месяц пасля вызвалення наведаў Нобелеўскі цэнтр міру.
“Якая радасць было сёння нарэшце вітаць лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага ў Нобелеўскім цэнтры міру. Беларускі праваабаронца правёў за кратамі амаль пяць гадоў і не змог прыехаць у Осла, калі ў снежні 2022 года яму была прысуджана Нобелеўская прэмія міру”, — адзначылі ў Нобелеўскім цэнтры міру, апублікаваўшы фота сустрэчы.
«Месяц таму я быў у турме, а цяпер я тут!» — сказаў Бяляцкі, адзначыўшы, што вызваленне стала для яго вялікім сюрпрызам.
У Нобелеўскім цэнтры міру Бяляцкі атрымаў скрынку з паштоўкамі, якія наведвальнікі музея напісалі яму тры гады таму. Паштоўкі з выявамі катоў і кветак — яго любімых матываў — былі часткай выставы Нобелеўскай прэміі міру «Ніхто не збіраецца здавацца». Усяго Бяляцкаму ў турму было даслана больш за 2 тысячы паштовак, але ён не бачыў ніводнай з іх.
«Гэта форма фізічнага тэрору, каб зняволеныя адчувалі, што нікому да іх няма справы», — пракаментаваў праваабаронца.
Алеся Бяляцкага затрымалі 14 ліпеня 2021 года і прыгаварылі да 10 гадоў калоніі. Праваабаронцу прызналі вінаватым у кантрабандзе арганізаванай групай і фінансаванні групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Ён быў вызвалены 13 снежня разам са 122 іншымі палітвязнямі.














