У Харватыі затрыманы ўкраінец па падазрэнні ў датычнасці да выбухаў “Паўночных патокаў”

Галоўнае
Фото: forsvaret.dk

Федэральная пракуратура Германіі паведаміла пра затрыманне ў Харватыі грамадзяніна Украіны па справе аб падрыве “Паўночных патокаў”.

Уладзімір З. (Vladimir Z.) быў затрыманы ў горадзе Пула. Паведамляецца, што ён прафесійны дайвер. Паводле версіі нямецкай пракуратуры, ён уваходзіў у групу асоб, якая заклала выбухоўку на трубаправодах у верасні 2022 года.

Германія чакае экстрадыцыі затрыманага. Яму маюць намер прад’явіць абвінавачанні ў здзяйсненні выбуху з выкарыстаннем выбуховых рэчываў (ч. 1 арт. 308 КК Германіі), дыверсіі (ч. 1 п. 3 арт. 88 КК) і разбурэнні збудавання (ч. 1 арт. 305 КК).

Раней у ФРГ было прад’яўлена абвінавачанне Сяргею Кузняцову ў падрыве “Паўночных патокаў”. Ён быў затрыманы ў Італіі, а пазней экстрадаваны ў Германію. Сяргей К. таксама згадваецца ў сённяшнім прэс-рэлізе нямецкай пракуратуры.

Трэба адзначыць, што ў кастрычніку мінулага года Польшча ўжо адмовіла Германіі ў выдачы інструктара па падводным плаванні Уладзіміра Жураўлёва, які таксама падазраваўся ў датычнасці да выбухаў на газаправодах «Паўночны паток».

У сённяшнім прэс-рэлізе нямецкія пракуроры не ўказваюць прозвішча затрыманага ў Харватыі грамадзяніна Украіны. Аднак літара Z таксама можа быць першай пры запісе лацінскім алфавітам прозвішча Жураўлёў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.