Дырэктар па вытворчасці беларускага брэнда ювелірных вырабаў Belaruskicry атрымаў 4 гады «хіміі» па абвінавачанні ў кіраўніцтве “экстрэмісцкім фарміраваннем”. Матэрыялы ў дачыненні да астатніх абвінавачаных выдзелены ў асобную вытворчасць. Яны абвешчаны ў вышук.
Belaruskicry — беларускі брэнд, які займаецца вытворчасцю ўпрыгожанняў. Іх самая вядомая праца – кулон у выглядзе контуру Беларусі з каменьчыкам-слязой.
Раней прапаганда называла імёны людзей, датычных да Belaruskicry. Гэта стваральніца і ўладальніца Аляксандра Куркова, генеральны дырэктар Марына Сергіеня, дырэктар па вытворчасці і стрыечны брат Курковай Ягор Бужылаў і яго дзяўчына — менеджар па продажах Алена Куляшова.
Следчы камітэт падзяліўся падрабязнасцямі справы.
Паводле дадзеных следства, з лістапада 2022 года 31-гадовы беспрацоўны мужчына, «які прытрымліваецца радыкальных антыдзяржаўных поглядаў», вырашыў заняцца прадпрымальніцкай дзейнасцю па вырабе ювелірных і іншых вырабаў з «сімволікай дэструктыўнага характару».
Мужчына выехаў за мяжу і як дырэктар па вытворчасці Belaruskicry займаўся арганізацыяй выпуску прадукцыі. На думку СК, ювелірныя вырабы брэнда насілі «дэструктыўны характар» і служылі для аб’яднання выехалых беларусаў вакол «злачыннай мадэлі паводзін».
«Такім чынам, ён добраахвотна стаў адным з удзельнікаў ужо існаваўшай злачыннай групы, якая прытрымліваецца пратэсных поглядаў і займаецца вырабам, рэалізацыяй ювелірных вырабаў і біжутэрыі, што маюць у сваёй сэнсавай нагрузцы дэструктыўны характар, накіраваны на фарміраванне, распаўсюджванне і падтрымку экстрэмісцкіх поглядаў праз выкарыстанне маніпулятыўнай сімволікі для аб’яднання «беглых» вакол злачыннай мадэлі паводзін», — заяўляе СК.
У ліпені 2025 года КДБ прызнаў Belaruskicry «экстрэмісцкім фарміраваннем». Дзейнасць брэнда ў Беларусі была забаронена.
Згодна з матэрыяламі справы, абвінавачаны навучаўся ювелірнаму майстэрству, займаўся вытворчасцю кулонаў, падвесак і завушніц з металу. Ён таксама адказваў за закупку матэрыялаў і камплектуючых, дастаўку вырабаў пакупнікам. Вырабы прадаваліся праз старонку ў Instagram, дзе кліенты афармлялі заяўкі на пакупку.
Мужчыну таксама абвінавачваюць у тым, што ён праз знаёмых перадаў некалькі кулонаў Святлане Ціханоўскай «з мэтай іх дэманстрацыі на публічных мерапрыемствах для павышэння пазнавальнасці і попыту на дадзеную прадукцыю». У прэс-рэлізе СК Ціханоўская названа “самаабвешчаным лідарам сваёй люстраной экстрэмісцкай Беларусі”.
Следчы камітэт заяўляе, што абвінавачаны даў прызнальныя паказанні.
«На допыце мужчына даў прызнальныя паказанні, у тым ліку па выкрыцці іншых удзельнікаў злачыннай групы. Таксама ён расказаў, што сярэдняя цана аднаго вырабу, прычым неабгрунтавана завышаная, складала каля 80 долараў ЗША», — гаворыцца ў прэс-рэлізе СК.
Мужчыну было прад’яўлена абвінавачанне па ч.1 арт. 361-1 КК (Кіраўніцтва «экстрэмісцкім фарміраваннем»). Суд прысудзіў яму да чатырох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хіміі»).
У дачыненні да іншых абвінавачаных матэрыялы крымінальнай справы выдзелены ў асобную вытворчасць і абвешчаны іх вышук. Ім абрана мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

