У канцы снежня і ў студзені лінія фронту маскоўска-ўкраінскай вайны не зведала прыкметных змен.
Украінскія войскі працягвалі весці абарончыя баі па ўсёй лініі фронту, запавольваючы прасоўванне акупантаў і часам здзяйсняючы лакальныя контратакі.

Пералічым найважнейшыя публічныя падзеі мінулых 30 дзён, звязаныя з вайной Украіны супраць маскоўскіх акупантаў, адзначаючы захаванне і новыя тэндэнцыі.
Лінія фронту
У цэлым, хаця маскоўскія войскі спрабуюць атакаваць па ўсёй лініі фронту, іх прасоўванне застаецца вельмі павольным, і за мінулы месяц ім не ўдалося захапіць ніводнага значнага населенага пункта.

Усяго за 2025 год маскоўцы змаглі захапіць 4336 кв. км украінскай тэрыторыі — гэта прыкладна 0,72% ад усёй тэрыторыі Украіны.
У Данецкай вобласці на поўнач ад Пакроўска скончылася 5-месячная бітва пад Дабраполлем, у ходзе якой маскоўцам так і не ўдалося развіць поспех або хаця б дэблакаваць свае перадавыя часткі, якія ўвайшлі ўглыб украінскай абароны прыкладна на 10 кіламетраў.

За час правядзення аперацыі 1 корпус Нацыянальнай гвардыі Украіны адчытаўся аб знішчэнні 12,5 тысячы салдат праціўніка, 93 танкаў, 259 баявых браніраваных машын, 314 гармат, тысяч аўтамабіляў і БПЛА ворага.
У Гуляйполі, Мірнаградзе, Пакроўску, Канстанцінаўцы працягваюцца баі.

У Купянску яшчэ застаюцца асобныя будынкі, дзе хаваюцца маскоўскія салдаты.
Перастаноўкі ва ўкраінскім кіраўніцтве
У студзені прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі зрабіў некалькі важных кадравых прызначэнняў, якія, на наш погляд, могуць сведчыць пра імкненне яшчэ больш мабілізаваць рэсурсы для мэт абароны і глыбей рэфармаваць украінскую армію.
Кіраўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны генерал-лейтэнант Кірыл Буданаў узначаліў прэзідэнцкую адміністрацыю.
Міністр лічбавай трансфармацыі і ІТ-прадпрымальнік Міхаіл Фёдараў быў прызначаны міністрам абароны.
«Гэта прызначэнне… сведчыць пра тое, што Кіеў робіць канчатковую стаўку на беспілотнікі, рабатызацыю і інавацыі», — лічаць маскоўскія правоенныя рэсурсы.
Захопы танкераў РФ
У студзені адбылася серыя затрыманняў сіламі ЗША, Брытаніі і Францыі танкераў «ценявога флоту», якія перавозілі падсанкцыйную нафту з Венесуэлы і РФ.
Санкцыі і арышты танкераў прывялі да росту скідак на нафту з РФ да максімальных узроўняў напрыканцы студзеня, адзначаюць крыніцы Reuters.
Удары па энергетыцы
З канца снежня 2025 года Масква пачала масіраваную кампанію па знішчэнні ўкраінскай грамадзянскай энергетычнай інфраструктуры на піку зімовых маразоў. Тысячы жылых дамоў засталіся без святла, цяпла і вады, што пагражае сур’ёзнымі хваробамі і смерцю сотням тысяч гараджан.

Адна з найбольш магутных атак адбылася з вечара 23 па раніцу 24 студзеня — маскоўцы выкарысталі 396 дальнабойных ракет і дронаў, накіраваўшы іх на Кіеўскую вобласць. Загінулі і атрымалі раненні дзясяткі людзей, у тым ліку дзеці. 6000 дамоў засталіся без ацяплення.
