Палітвязню Кірылу Ашурку дадалі год пазбаўлення волі паводле артыкула аб непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі. У магілёўскай калоніі №15 на яго аказваецца ціск, а напрыканцы 2025 года Ашурак перанёс мікраінсульт, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Кірылу Ашурку 26 гадоў. У 2022 годзе яго прысудзілі да 13 гадоў калоніі па «справе Атрадаў грамадзянскай самаабароны Беларусі». Ашурка абвінавачвалі ў спробе падрыву вузла сувязі ў Вілейцы.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у калоніі на Ашурка аказваецца ціск. Яго перыядычна змяшчалі ў штрафны ізалятар, а затым перавялі ў памяшканне камернага тыпу. Ашурак не бачыўся з роднымі тры гады.
Палітвязню дадалі год калоніі паводле артыкула 411 КК аб злосным непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі. Паводле новага прысуду тэрмін ён будзе адбываць у калоніі строгага рэжыму № 9 у Горках.
Як паведамляюць праваабаронцы, Ашурак мае сур’ёзныя захворванні. Напрыканцы 2025 года ён перанёс мікраінсульт.