Золатавалютныя рэзервы Беларусі на 1 студзеня перавысілі 14,4 млрд долараў. Такія даныя апублікаваў Нацбанк. За снежань яны выраслі на 526,1 млн долараў.
Асноўным фактарам росту ЗВР у снежні стала павелічэнне рэзервовых актываў у замежнай валюце. Яны выраслі на 296,9 млн долараў да 5,54 млрд долараў.
Кошт манетарнага золата, уключанага ў ЗВР, павялічыўся за месяц на 214,2 млн долараў да 7,47 млрд долараў. Кошт СДР вырас на 15 млн долараў да 1,41 млрд долараў. Рэзервовая пазіцыя ў МВФ і іншыя актывы засталіся без зменаў — 0,03 і 0,1 млн долараў.
За 2025 год золатавалютныя рэзервы павялічыліся на 5,5 млрд долараў, у тым ліку кошт манетарнага золата вырас на 2,95 млрд долараў, спецыяльных правоў запазычання — на 66,9 млн долараў, а рэзервовыя актывы ў замежнай валюце павялічыліся на 2,49 млрд долараў.
Варта адзначыць, што памер ЗВР па выніках 2025 года ўдвая перавысіў мэтавы паказчык грашова-крэдытнай палітыкі, які складаў 7,1 млрд долараў. Па выніках 2026 года мяркуецца, што ЗВР павінны скласці не менш за 9,2 млрд долараў.
