Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі у інтэрв’ю журналістцы тэлеканала Sky News Ялдзе Хакім пацвердзіў, што сустракаўся з расійскім алігархам Раманам Абрамовічам у Кіеве і перадаў праз яго пасланне Уладзіміру Пуціну.
Прыводзім пераклад гэтай часткі інтэрв’ю цалкам:
Журналістка Sky News: Вы будзеце звяртацца да такіх людзей, як Раман Абрамовіч, і іншых, каб яны паспрабавалі дапамагчы вам на гэтым шляху?
Уладзімір Зяленскі: Абрамовіч прыехаў у Кіеў. Ён сказаў, што, як я думаю, у яго ёсць для мяне прамое пасланне і што ён хоча атрымаць пасланне ад мяне і перадаць яго Пуціну. Але ён сказаў, што гэта павінна адбывацца ціха, без якіх-небудзь публічных заяў. Я адказаў: «Глядзіце, гэта ваш выбар. Для нас не мае значэння, публічна гэта ці непублічна. Але з Расіяй заўсёды так: калі яны кажуць, што нешта павінна застацца паміж намі, гэта азначае, што заўтра пра гэта будзем ведаць не толькі мы, і гэта ўжо не будзе сакрэтам».
Ён прыехаў і хацеў перадаць яму паведамленне пра тое, што яны гатовыя, што яны хочуць зразумець, да чаго гатовыя мы. Я сказаў: «Пытанне не ў нас. Вы ваюеце супраць нас на нашай тэрыторыі». І я сказаў яму пра Данбас. Гэта было ключавое пасланне. І я сказаў: «Не, мы не будзем жыць паводле вашых правілаў і не сыдзем са сваёй тэрыторыі. Не, мы не дамо вам такой перамогі. І вы яе не атрымаеце».
Затым мы гаварылі пра любыя магчымыя кампрамісы. Я сказаў, што з усіх кампрамісаў спыненне агню — гэта самы вялікі кампраміс з нашага боку ў адносінах да вашага боку.
Журналістка Sky News: То-бок цяпер ён пасярэднік паміж вамі і Уладзімірам Пуціным? Ён перадае паведамленні туды і назад?
Уладзімір Зяленскі: Я не ведаю. Калі ён атрымаў пасланне ад мяне, ён сказаў, што паедзе наўпрост да Пуціна. Я адказаў: «Добра. Я гатовы сустрэцца. Не ў Маскве, не ў Беларусі і не ў Мінску». Зразумела чаму.
І я сказаў: «Вы можаце выбраць любы час, пачынаючы з заўтрашняга дня. Вы можаце выбраць любы дзень, любы фармат. Мы можам правесці сустрэчу разам з прэзідэнтам Трампам. Я ўпэўнены, што ён будзе гатовы прыехаць. Мы можам правесці яе разам з еўрапейцамі. Я думаю, што ўсе хочуць дапамагчы. Або мы можам выбраць двухбаковы фармат — проста двухбаковую сустрэчу».