Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі наведаў Славуціч на поўначы краіны, дзе сустрэўся з кіраўнікамі Кіеўскай і Чарнігаўскай абласцей. Ён заявіў, што Украіна ўмацоўвае абарону на Паўночным напрамку як у частцы ахоўнай інфраструктуры і ўмацаванняў, так і ў частцы сіл абароны і бяспекі, дыслакаваных на напрамку.
“Гаворка ідзе як пра ахоўную інфраструктуру – умацаванні і іншыя абарончыя меры, – так і пра ўмацаванне мяжы, якое будзе працягнута. Гаворка ідзе таксама пра нашы сілы абароны і бяспекі, дыслакаваныя на гэтым напрамку – у бок Чарнігава і Кіева з тэрыторыі суседняй Беларусі, якую Расія імкнецца яшчэ глыбей уцягнуць у гэтую вайну, і з Бранскай вобласці Расіі. У нас ёсць магчымасці ўмацаваць нашу абарону”, – заявіў ён.
Ён таксама адзначыў, што Украіна мае магчымасці дзейнічаць прэвентыўна ў дачыненні да расійскай тэрыторыі, адкуль могуць зыходзіць пагрозы, і ў дачыненні да беларускіх уладаў.
«У нас таксама ёсць магчымасці дзейнічаць прэвентыўна ў дачыненні да тэрыторыі Расіі, з якой могуць зыходзіць пагрозы, і ў дачыненні да дэ-факта кіраўніцтва Беларусі, якое павінна быць напагатове — гэта значыць выразна разумець, што будуць наступствы, калі будуць распачаты агрэсіўныя дзеянні супраць Украіны, супраць нашага народа.
Мы памятаем, што ў 2022 годзе наступленне таксама вялося з тэрыторыі Беларусі. Мы гэтага не забудзем. Узброеныя сілы Украіны, сілавыя структуры і нашы спецслужбы ведаюць, у чым заключаюцца пагрозы і як на іх рэагаваць — як рэагаваць справядліва, без сумнення», — падкрэсліў Зяленскі.
Нагадаем, сёння Лукашэнка выказаў гатоўнасць сустрэцца з Уладзімірам Зяленскім для абмеркавання двухбаковых адносін.
«Калі ён хоча пра нешта пагаварыць, параіцца ці яшчэ нешта, калі ласка, мы адкрытыя для гэтага. У любой кропцы — Украіны, Беларусі — я гатовы з ім сустрэцца і абмеркаваць праблемы беларуска-ўкраінскіх адносін. І, можа, пагаварыць пра перспектывы. Чамусьці з амерыканцамі, немцамі, палякамі, літоўцамі і латышамі ў нас ёсць пра што размаўляць, а з Украінай няма пра што…», — заявіў ён.
Дарадца ўкраінскага лідара Дзмітрый Літвін у адказ заявіў, што словы Лукашэнкі нічога не значаць яшчэ з 2022 года, калі Беларусь стала плацдармам для расійскай агрэсіі.
«Таму сочым за яго дзеяннямі. Лукашэнка мае звычку крыху тупавата прыдумляць постфактум, адкуль на яго «рыхтаваўся напад». Пра што тут гаварыць», — сказаў ён.