Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь не мае намеру ўцягвацца ў вайну з Украінай, калі толькі супраць яе не будзе здзейсненая агрэсія. Так пасля назірання за трэніроўкай па ўжыванні ядзернай зброі ён пракаментаваў заявы Уладзіміра Зяленскага пра магчымае ўцягванне Беларусі ў вайну, перадае БелТА.
«Будзе ўцягнутая толькі ў адным выпадку — калі на нашу тэрыторыю будзе здзейсненая агрэсія. І тут ужо не ўцягнутая (вы чулі з вуснаў прэзідэнта Расіі) – мы будзем разам абараняць нашу Айчыну ад Брэста да Уладзівастока, дзе размешчаныя дзве дзяржавы», — заявіў Лукашэнка.
Паводле яго запэўненняў, ні грамадзянскай, ні ваеннай неабходнасці ўцягвацца ў вайну ва Украіне няма.
“Таму калі і будзем мы ўцягнутыя ў вайну, у тым ліку калі гэта будзе супраць Украіны, толькі ў адным выпадку – калі яны здзейсняць супраць нас агрэсію. Мы ўцягвацца ў вайну ва Украіне не збіраемся. У гэтым няма ніякай неабходнасці. Ні грамадзянскай, ні ваеннай”, – сказаў ён.
Лукашэнка таксама прапанаваў Зяленскаму сустрэцца “ў любой кропцы” Украіны або Беларусі.
«Калі ён хоча пра нешта пагаварыць, параіцца ці яшчэ нешта, калі ласка, мы адкрытыя для гэтага. У любой кропцы – Украіны, Беларусі – я гатовы з ім сустрэцца і абмеркаваць праблемы беларуска-ўкраінскіх адносін. І, можа, пагаварыць пра перспектывы. Чамусьці з амерыканцамі, немцамі, палякамі, літоўцамі і латышамі ў нас ёсць пра што размаўляць, а з Украінай няма пра што…», — заявіў ён.
Лукашэнка застаўся задаволены трэніроўкай ядзерных сіл.
“Арганізацыйная частка прайшла без усялякіх збояў. Разумна, талкова, арганізавана. Усё прайшло арганізацыйна добра. Што тычыцца вынікаў, дакладнасці трапляння і гэтак далей, нашы «Іскандэры» трапілі «ў капейку». Гэта гаворыць пра тое, што нашы хлопцы вельмі хутка асвоілі гэтыя перспектыўныя комплексы і ўмеюць з імі працаваць”, – сказаў ён.
«Я задаволены гэтымі вучэннямі. Гэта верхняя частка айсберга. А да гэтага прайшлі вельмі сур’ёзныя падрыхтоўчыя мерапрыемствы, якія нашы вайскоўцы ўмеюць рабіць і арганізоўваць”, – дадаў ён.
Паводле яго слоў, яшчэ мінулай зімой яны дамовіліся з Уладзімірам Пуціным, што прымуць удзел у трэніроўках ядзерных сіл арыенціровачна ў канцы мая. Гаворка ішла як пра зброю, размешчаную на тэрыторыі Беларусі, так і пра расійскую ядзерную трыяду.
“Гэта даўно запланаванае мерапрыемства. Мы не адступілі ні на суткі ад гэтых тэрмінаў. І Прэзідэнт Расіі, нягледзячы на тое, што позна ўвечары ці ноччу вярнуўся з Кітая, удзельнічаў у гэтых трэніроўках, таму што так было дамоўлена”, – сцвярджае Лукашэнка.
Паводле яго слоў, у трэніроўцы былі задзейнічаныя “тысячы” чалавек і вялікая колькасць тэхнікі.
Ён заявіў, што тэма арміі і захавання бяспекі кожны дзень у яго на стале.
“Калі мы менш гаворым пра армію цяпер, чым пра пасяўную кампанію, гэта не значыць, што мы гэтым не займаемся. Кожны дзень, прынамсі ў мяне, гэтая тэма на стале. І я разумею, што эканоміка і бяспека – сёння пытанні першараднай важнасці. Так будзе і далей. Таму жывіце спакойна, не перажывайце”, – сказаў Лукашэнка.
“Не дай бог што-небудзь – вы бачылі ўжо ядзерную трэніроўку. Ніхто тут нічога думаць не будзе. Як толькі напалі на нас, як толькі здзейснілі агрэсію, адразу атрымаюць адказ усімі відамі зброі. У адваротным выпадку, навошта мы яе трымаем у сябе? Гэта адназначна. І гэта для нас вельмі важна. І ў гэтым напрамку будзем дзейнічаць, нікому не пагражаючы. Не чапайце нас – мы вас і пагатоў чапаць не збіраемся”, – прыгразіў ён.
Каментуючы рэакцыю на ядзерныя вучэнні, Лукашэнка назваў яе «зразумелай, але дарэмнай».
«Кожны квартал па асобных элементах мы праводзім падобныя вучэнні. Таму шалець не трэба. Напэўна, перажываюць з нагоды таго, што ў гэтых вучэннях прымаюць удзел прэзідэнты. Калі хочаце, гэта сігнал таго, што мы маем самую сучасную зброю і ўмеем ёю карыстацца. А каб умець карыстацца дасканала, мы і ўдасканальваемся, праводзім гэтыя вучэнні. Такія вучэнні ўсе праводзяць, у тым ліку і ядзерныя дзяржавы, якія маюць на ўзбраенні ядзерную зброю. У адваротным выпадку, навошта гэтая зброя, калі не ўмець ёю карыстацца? А каб умець, трэба трэніравацца», – заявіў ён.
«Мы рыхтуемся да вайны. Не будзе гэтай вайны — ну і дзякуй богу. На ўсялякі выпадак мы рыхтуемся па поўнай праграме. Ні з кім не збіраемся ваяваць, калі нас ніхто не будзе чапаць. Ціхая, спакойная, прыгожая зялёная краіна – мы гатовыя і далей так жыць», — заявіў Лукашэнка.
«Нікому не пагражаем, ні ў якім разе. Але калі не дай бог – цырымоніцца не будзем», – дадаў ён.