Зяленскі даручыў падрыхтаваць «меры дыпламатычнага ўздзеяння» ў дачыненні да Беларусі

Галоўнае
Фото: president.gov.ua

Украіна рыхтуе адказ на планы Расіі па наступе на Чарнігаўска-Кіеўскім напрамку. МЗС Украіны даручана падрыхтаваць меры ў дачыненні да Беларусі, калі яна будзе выкарыстана Расіяй для пашырэння вайны.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі даручыў павялічыць сілы УСУ на Чарнігаўска-Кіеўскім напрамку.

«Дэталёва прааналізавалі наяўныя даныя нашых разведак аб расійскім планаванні наступальных аперацый на Чарнігаўска-Кіеўскім напрамку. Па кожным магчымым варыянце дзеянняў ворага рыхтуем адказы, калі расіяне сапраўды вырашацца пашырыць сваю агрэсію. Нашы сілы на гэтым напрамку будуць павялічаныя», — заявіў Зяленскі пасля правядзення стаўкі 20 мая.

МЗС Украіны атрымала заданне падрыхтаваць меры ў дачыненні да Беларусі, а ўкраінскія разведслужбы атрымалі адпаведныя «непублічныя задачы».

«Пераглядаем і магчымасці нашай знешняй актыўнасці. Даручыў МЗС Украіны падрыхтаваць дадатковыя меры дыпламатычнага ўздзеяння ў дачыненні да Беларусі, якая можа быць выкарыстана Расіяй для такога пашырэння вайны. Адпаведныя непублічныя задачы ёсць і ў ўкраінскіх разведвальных службаў», — сказаў Зяленскі.

Украіна таксама атрымала інфармацыю пра планы Расіі мабілізаваць 100 тысяч чалавек. Кіеў лічыць, што схаваную мабілізацыю правесці не атрымаецца, таму чакаюцца «расійскія палітычныя рашэнні іншага фармату, у прыватнасці такія, як нядаўнія рашэнні па Прыднястроўскім рэгіёне Малдовы».

Раней Зяленскі заяўляў пра актыўныя перамовы Расіі з Аляксандрам Лукашэнкам з мэтай глыбей уцягнуць Беларусь у вайну. Паводле інфармацыі Украіны, Расія разглядае планы аперацый з тэрыторыі Беларусі супраць Украіны або адной з краін NATO. Галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі назваў пагрозу наступу з тэрыторыі Беларусі рэальнай.

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.