Арганізатар канцэртаў Аляксандр Манышаў, які мае дачыненне да агенцтваў «Атам Інтэртэймент» і «Анбрэйкбл», выйшаў на волю ў суботу, 14 лютага. Пра гэта Reform.news расказалі відавочцы, якія бачылі яго ў нядаўна адкрытым рэстаране «Сорренто» ў Мінску.
Пра затрыманне Манышава стала вядома ў жніўні 2025 года. Тады ж з’явілася інфармацыя пра затрыманне іншых прадстаўнікоў канцэртнай сферы Беларусі: за кратамі апынуліся кіраўнікі Blackout Studio, Kvitki.by, былы дырэктар Палаца Рэспублікі Максім Прыхадоўскі.
Кіраўніцтва Kvitki.by адразу пачало супрацоўнічаць са следствам і даволі хутка выйшла на волю. Паведамлялася, што вызваленню Прыхадоўскага паспрыяла яго знаёмая — прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант.
У пачатку студзеня 2026 года з СІЗА выйшлі Ілля Піятроўскі і Валерый Калеснікаў з Blackout Studio.
14 студзеня 2026 года паміж кампаніяй «Квіткі Бел» і РУП «Беларускія латарэі» быў заключаны дагавор на саступку таварных знакаў kvitki.by.
***
Рэстаран «Сорренто» — гэта новая элітная ўстанова на месцы знесенага музея Вялікай Айчыннай вайны на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску. Яго адкрыў вядомы расійскі рэстаратар Аркадзь Новікаў. Інвестары праекта Novikov Group & Family Garden. Адкрыццё адбылося 9 лютага.
