Выдавецтва «Лысы чэрап» абвясціла пра стварэнне новага падраздзялення — касетнага лэйбла. Першым рэлізам стане акультны і медытатыўны альбом праекта .К (Яўгена Кучмэйна) пад назвай «Імхі (нарысы 19-25 г.)».
Альбом выходзіць выключна на касетах, ігнаруючы стрымінгавыя пляцоўкі, што робіць яго сапраўдным арт-аб’ектам для калекцыянераў і знаўцаў.
Што ўнутры?
«Імхі» — гэта 89 хвілін гукавых эскізаў, запісаных Яўгенам Кучмэйнам на смартфон у перыяд з 2019 па 2025 год. Альбом падзелены на дзве канцэптуальныя часткі:
-
Side A: «Мокрыя імхі» — эксперыменты з луперам, электрагітарай і эфектамі (дылэй, мадулятары, дысторшн).
-
Side B: «Сухія імхі» — чыстая акустычная імправізацыя.
Тут няма студыйнага звядзення, шматслаёвых запісаў ці ідэальна вычышчанага гуку. Трэкі захавалі тое, што часта губляецца ў студыі — спантаннасць мыслення. Гэта музыка-падмурак, якая папярэднічае песням, як імхі папярэднічаюць лесу.
Для тых, хто не знаёмы з творчасцю Яўгена Кучмэйна (.К): гэта адзін з самых шчырых і бескампрамісных музыкаў сучаснага беларускага андэграўнду. Яго стыль — гэта гукавы шаманізм, дзе голас і гітара зліваюцца ў нешта першабытнае. Жэня заўсёды пазбягаў «прылізанага» студыйнага гуку, аддаючы перавагу эмоцыі і жывому нерву.
Выхад «Імхоў» менавіта на касетах — цалкам арганічная форма для яго творчасці.
Як атрымаць квіток у «Антарктыку»?
Зараз адкрыта перадзамова, каб назбіраць на мінімальны тыраж (патрэбна 25 ахвотных). Збор ідзе два тыдні. Выдавецтва адзначае, што дастаўка будзе поштай альбо самавываз у Варшаве.
Важны нюанс: для самавывазу ў наладках трэба выбраць краіну… Антарктыка. Гэта фірмовы стыль «Лысага чэрапа», які заўсёды застаецца «на сваёй хвалі».
«Мы павыходзілі з запояў, рытмізавалі працу і разабраліся з поштай», — дадаюць выдаўцы, абяцаючы, што гэтым разам усё будзе хутка.
Зрабіць перадзамову можна тут.
«Лысы чэрап» — мікравыдавецтва, якое спецыялізуецца на выданні неканвенцыйных тэкстаў вядомых творцаў (музыкаў, мастакоў, драматургаў, пісьменнікаў). Сярод апублікаваных кніг выдавецтва: «Грязнуля» Канстанціна Сцешыка, «Звезда и вор» Канстанціна Чараухіна, «Доказательство» Ігара Саўчанкі, «Дача» Паўла Анціпава, «Квирт» Славы Прэснякова, «Эпоха уходит» Рамана Аксёнава, ды іншыя творы.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
