Праваабарончы цэнтр «Вясна» апублікаваў актуальныя даныя пра рэпрэсіі супраць беларускіх вайскоўцаў. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, з 2020 года крымінальнаму пераследу падвергліся не менш за 68 вайскоўцаў, 27 з іх у цяперашні час знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі. 24 адбываюць пакаранне, двое знаходзяцца на «хіміі», адзін чакае суда пад вартай.
Прынамсі 10 вайскоўцаў асуджаныя паводле артыкула аб здрадзе дзяржаве. Найбольшы вядомы тэрмін складае 21 год пазбаўлення волі. Праваабаронцам вядомыя выпадкі катаванняў, жорсткага абыходжання і збіццяў затрыманых, а таксама ціску на зняволеных праз сваякоў. Частка вайскоўцаў пазбаўленая вайсковых званняў указамі Лукашэнкі.
Сярод фігурантаў — Павел Кучынскі, затрыманы ў верасні 2022 года. Тады арганізацыя BYPOL пісала, што ён быў затрыманы ў сувязі з верагоднай датычнасцю да «справы інкасатараў»:
“Спецслужбы пад катаваннямі прымусілі яго ўдзельнічаць у правакацыі, у рамках якой апошні выйшаў на сувязь з прадстаўнікамі BYPOL і прапанаваў здзейсніць акцыі прамога дзеяння. Усе перамовы і перапіска фіксаваліся”.
Асуджаны паводле 7 артыкулаў, уключаючы здраду дзяржаве і тэрарызм, да 19 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Дзмітрый Пазнякоў служыў у 38-й дэсантна-штурмавой брыгадзе і выкладаў на вайсковым факультэце БДУ. Затрыманы ў жніўні 2023 года, асуджаны на 19 гадоў за здраду дзяржаве. Паводле даных «Вясны», у наваполацкай калоніі яго катавалі электрашокерам, прымушалі падпісваць дакументы і пустыя аркушы, неаднаразова змяшчалі ў ШЫЗА. Дома яго чакаюць жонка і двое дзяцей.
Дзмітрый Самсонаў да восені 2020 года служыў падпалкоўнікам у Галоўным упраўленні вайсковай разведкі Мінабароны. Асуджаны ў закрытым працэсе паводле трох артыкулаў — здрада дзяржаве, разгалошванне службовай тайны і адмыванне сродкаў. Ён прыгавораны да 19 гадоў пазбаўлення волі.
Фёдар Кандыранда — старшы выкладчык агульнавайсковага факультэта Ваеннай акадэміі. 13 жніўня 2020 года ён падаў рапарт на звальненне ў сувязі з фальсіфікацыяй выбараў і адмовай выконваць злачынныя загады. У маі 2021 года ўказам Лукашэнкі пазбаўлены звання падпалкоўніка. Апошнія гады працаваў у ІТ-сферы. Затрыманы ў сакавіку 2025 года ў рамках «справы Гаюна». 25 верасня 2025 года яго прыгаварылі да 2,5 года пазбаўлення волі.
Добраахвотнікі палка Каліноўскага Васіль Верамейчык і Васіль Грэчыха асуджаныя разам паводле 12 артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Верамейчыка затрымалі ў лістападзе 2024 года ў В’етнаме, які выдаў яго беларускім спецслужбам. Яго прыгаварылі да 13 гадоў. Грэчыху затрымалі вясной 2025 года пры невядомых абставінах і прыгаварылі да 5 гадоў. Паводле даных жонкі Верамейчыка, ён, верагодна, перанёс інфаркт у зняволенні.
Прапаршчык у адстаўцы Ілля Трубін затрыманы ў жніўні 2021 года і асуджаны на 16 гадоў. Паводле следства, жыхар Барысава здзейсніў падпалы двух парталаў сістэмы збору платы за праезд па дарогах «БелТол» у Барысаўскім раёне ў 2020 годзе. Падпалкоўнік Антон Чарамных, намеснік камандзіра 310-й групы артылерыі па ідэалагічнай рабоце 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады гвардыі, асуджаны за «здраду дзяржаве» і «распальванне сацыяльнай варожасці». Тэрмін пакуль не вядомы.